Раптоўна спытаўся ў Iвана:
- Вы не супраць, Iван Захаравiч?
Iван ад нечаканасцi ажно папярхнуўся i некалькi разоў паўтарыў:
- Згодзен! Згодзен! Не супраць!
Лiстоў па-бацькоўску пахлопаў яго па плячы i зноў звярнуўся да залы:
- Закончу тым, з чаго павiнен быў пачаць. Ад iмя ўсяго нашага навуковага калектыву дзякую вам, Iван Захаравiч, за тытанiчную працу! У вас вялiкая будучыня!
* * *
Пасля таго як агульнымi намаганнямi былi вызначаны больш-менш дакладныя каардынаты планеты Аскал, было даложана кiраўнiцтву дзяржавы.
Хто-хто, а Iван, адразу пасля дакладу ў дзяржаўныя iнстанцыi, адчуў не столькi сваю вялiкую будучыню, колькi сучасную, нязвыклую i малапрыемную рэальнасць.
Справа ў тым, што навукова-даследчы iнстытут, як нам вядома, быў засакрэчаны i пiльна ахоўваўся ад чужога вока i вуха спецорганамi. Цяпер жа, пасля сенсацыйнага адкрыцця, ахова iнстытута зрабiлася настолькi жорсткай, што нават выпадковая парушынка не змагла б заляцець на яго тэрыторыю.
Але гэта былi агульнапрафiлактычныя меры бяспекi, да якiх тут даўно прывыклi i якiя не замiналi займацца навуковай дзейнасцю.
А вось Iван, якi нiколi раней не сутыкаўся з асабiстай аховай, цяпер адчуў, што гэта за "радасць". Яго ахоўвалi, як рэдкую музейную каштоўнасць. Кола кантактаў са знаёмымi i сябрамi звузiлася. На кожным кроку - на працы i ў вольны час - ён адчуваў непрыемнае апякунства.
Праўда, на працы адбылiся i прыемныя змены - яго павысiлi з малодшага да старэйшага навуковага супрацоўнiка, выдзелiўшы для далейшых даследаванняў шыкоўную лабараторыю з навукова-тэхнiчным персаналам.
Дабавiлася i ўвагi, i павагi ад калег, якiя раней маглi па-панiбрацку хлопнуць па плячы, цяпер да яго iмя дадавалi i iмя па бацьку.
Iвану, якi быў кантактным ва ўзаемаадносiнах i просты, як усё генiяльнае, не вельмi падабалiся такiя змены, але ён разумеў i тое, што не ўсё ад яго залежыць, i працягваў заставацца самiм сабой.
Каб неяк павялiчыць сваю знешнюю салiднасць, Iван паспрабаваў адпусцiць бараду, але, зiрнуўшы праз нейкi час у люстэрка, зарагатаў:
- Каму патрэбна гэта казлiнасць?! - i начыста пагалiўся.
* * *
Змешаная навукова-ўрадавая камiсiя, з удзелам ваенна-касмiчных прадстаўнiкоў i псiхаўрачэбных аналiтыкаў, праводзiла сваё першае пасяджэнне.
На павестцы дня адно пытанне: што рабiць далей?!
Прадстаўнiк урада Глотаў, ён жа старшынствуючы, вёў сябе далiкатна i толькi задаваў пытаннi.
- Дык што будзем рабiць? Якiя прапановы, Антон Паўлавiч? - спытаўся ён у Лiстова.
Лiстоў грузна ўстаў i коратка адказаў:
- Трэба ляцець, Генадзь Мiхайлавiч!
- А колькi ж туды лёту? - удакладнiў старшынствуючы.
- Прыкладна дзесяць гадоў, - спакойна адказаў акадэмiк.
- Дзесяць туды i дзесяць назад? Так? - зноў удакладнiў Глотаў.
- Так, але назад...
- Дзякуй! Сядайце, Антон Паўлавiч! - прапанаваў прадстаўнiк урада. - Якiя нашы тэхнiчныя магчымасцi? -звярнуўся ён да прадстаўнiка ваенна-касмiчнай службы.
- Нашы тэхнiчныя магчымасцi дазваляюць даляцець толькi туды, для зваротнага палёту не застаецца палiва, - адрапартаваў ваенны навуковец.
- А што з навейшым касмiчным караблём, распрацоўка якога адобрана ўрадам? У якiм ён стане? - больш строга запытаўся Глотаў.
- Яго дакументальна-тэхнiчная распрацоўка закончана. Зборка i яго выпрабаваннi зоймуць два-тры гады, - зноў лаканiчна адказаў ваенны.
- Сядайце! - суха кiнуў Глотаў i звярнуўся да медыкаў: - А што медыцына скажа?
Прафесар медыцыны спакойна канстатаваў:
- Уздзеяннi палёту такой працягласцi на арганiзм чалавека намi вывучаны дасканала. Думаю, што да нас пытанняў не будзе. Вось i мой калега-псiхолаг пацвердзiць тое ж.
Але псiхолаг, устаўшы з месца, як кажуць, пусцiў у пакой чорнага ката.
- Я лiчу, - пачаў ён, - што мы нiколi раней не сутыкалiся з падобнымi цяжкасцямi медыка-псiхалагiчнага кшталту. Па-першае, тым, хто паляцiць, трэба, не ўтойваючы, сказаць, што вяртанне назад - пад вялiкiм пытаннем. Па-другое, нават калi пытанне вяртання на Зямлю будзе вырашана з дапамогай карабля-выратавальнiка, астранаўты павiнны быць адносна маладымi, бо вернуцца яны, у лепшым выпадку, праз дваццаць год. I трэцяе, самае галоўнае псiхалагiчнае патрабаванне - пiлоты павiнны iсцi на гэты рызыкоўны крок добраахвотна!
- Я згодзен! - пачулася з залы. - Я даўно ўсё ўзважыў! Дазвольце мне!..
Усталявалася цiшыня. Погляды ўсiх прысутных спынiлiся на Iвану Сухiну, якi як расшыфроўшчык сiгналу, быў запрошаны на гэта пасяджэнне i якi зараз стаяў перад строгай камiсiяй, рашучы i адкрыты.
- Дазвольце мне! - больш мякка паўтарыў ён.
Лiстоў пачырванеў i збянтэжыўся ад такой нясвоечасовай напорыстасцi свайго падначаленага.
- Сядайце, Iван Захаравiч! Сядайце! Мы яшчэ кандыдатуры не абмяркоўваем...
- А што! - перахапiў гаворку Глотаў. - Хто, як не ён, мае поўнае права быць першым кандыдатам у палёт! Як вы там казалi, - звярнуўся ён да псiхолага, - патрэбен малады, свядомы i добраахвотнiк? Так? Дык вось ён перад намi!.. А пра астатнiх падумаем, сапраўды, пазней.
На наступных пасяджэннях камiсii было вырашана адправiць у рызыкоўны палёт толькi двух астранаўтаў. Гэта аблягчала вырашэнне пытання з харчаваннем, якое, па сутнасцi, не займала многа месца, бо было спрасавана ў невялiчкiя гранулы. Адной такой гранулы чалавеку хапала на суткi, бо ў ёй было скандэнсавана ўсё неабходнае для падтрымкi арганiзма ў належным стане. Вада таксама была крысталiзавана i спрасавана да такой ступенi, што цвёрдая кропля вады пры вытайваннi расшыралася настолькi, што магла забяспечваць экiпаж сутачнай нормай.
Такiм чынам, галоўныя кампаненты жыццезабеспячэння экiпажа месца займалi мала, а кiсларод вырабляўся штучна даволi лёгка, яшчэ з незапамятных часоў.
Складаней было з палiвам, бо акрамя той адлегласцi, якую меркавалася пераадолець, не выключалi магчымасць i пошукi планеты Аскал, мiма якой маглi праскочыць. Працяглыя яе пошукi маглi азначаць катастрофу ўсiх планаў i гiбель экiпажа. Усе разумелi, што нават пры паспяховай пасадцы на Аскал толькi паскораная i ўдалая пабудова навейшага карабля ў блiжэйшыя два-тры гады дае надзею на жыццё.
Камандзiрам касмiчнага карабля быў назначаны саракагадовы палкоўнiк ваенна-касмiчнага ведамства Iлля Iванавiч Iсаеў, цi, як яшчэ жартам называлi яго сябры, - тры "I".
Гэта быў яго далёка не першы мiжпланетны палёт, але ўсе папярэднiя - на Марс, Венеру i нават на Сатурн - былi ў параўнаннi з гэтым лёгкай касмiчнай прагулкай.
Для Iвана гэты палёт быў самы першы, таму не дзiва, што хваляваннi не пакiдалi яго. Не, ён не баяўся за сваё жыццё - што жыццё ў параўнаннi з унiкальнай магчымасцю зазiрнуць у таямнiцу таямнiц! Яго хвалявала магчымасць сустрэчы з тымi, каго нават не мог уявiць. Суцяшала адно - iм, на аснове расшыфраванага тэксту, распрацаваны алфавiт, з якога складзены шматлiкiя варыянты слоў i сказаў. Моўны кантакт - аснова поспеху зямной экспедыцыi.