— Ну, спорт — гэта не тая мэта, да якой, на мой погляд, трэба імкнуцца. Большасць тых спартняжак к старасці проста вартыя жалю. Гаротныя, нікому не патрэбныя людзі. А дзе гарантыя, што ты не станеш такім? У той большасці?
— Так, я лічу, што ў тваіх словах ёсць нейкая рацыя. Але, толькі частка яе. Бадай што, пасля таго, як скончу выступаць ці ў выніку якога няшчаснага выпадку, траўмы — мне давядзецца застацца сам-насам з цяжкасцямі, і, магчыма, нікому з тых, хто цяпер апякае мяне, мае праблемы не вельмі будуць патрэбныя. Але брамнік, як я даўно зразумеў, часам адзінокі. Нават, заўсёды самотны. Бо ён вартаўнік, і на ім адным адказнасць за тую браму, якую ён сцеражэ. Неістотна — якую. Прабач за рыторыку, але гэта па жыцці. І я пастараюся сустрэць пераход да новага жыцця падрыхтаваным. Буду вучыцца, магчыма, стану трэнерам. Урэшце, тое, што я здолею зарабіць за дзесяць—пятнаццаць год выступленняў, столькі я наўрад ці атрымаю, як адвакат, доктар, інжынер. Хіба што знакамітыя дураплясы маюць больш. Але які з мяне дурапляс?
— Па-мойму, гэта не зусім сур’ёзна. Не крыўдуй, але. але я пакуль не змагу прыняць тваю прапанову, — дзяўчына адсунула каробачку. — Яшчэ раз — не крыўдуй. Ты ўвесь час далёка, раз-пораз бяруць на спартыўныя зборы, цябе могуць прызваць і ў войска, а дзеўка з узростам, як кажа маці, «заляжалы тавар». Прабач.
Максім скамянела маўчаў. Ніколі б не падумаў, не чакаў такога. Раптам успомніў, спытаў:
— У цябе нехта з’явіўся? Гэта ён цябе падвозіў на «маздзе»?
— Так.
— І хто гэты шчаслівец, калі не сакрэт? Ці не з яго голасу ты зараз гаворыш?
— Хаваць не буду. Ён паспяховы бізнесовец. У сталіцы мае дзве крамы. На дзесяць год старэйшы. Але цікавіцца музыкай. Спявае. Кірыл нас пазнаёміў. Ну, я — такая вось аказалася. Не ідэал. Сцерва. Думай, што заўгодна. Застанёмся сябрамі? Хочаш — я табе і ўсю ноч ахвярую? Толькі скажы.
Слёзы нечакана з’явіліся на вачах дзяўчыны. Нешта ў яе словах было штучна нацягнутае, нейкі душэўны надрыў — ён гэта добра адчуваў. Ці кажа яна яму праўду? Нешта было не так.
— Я не супраць, — вырвалася ў яго пасля працяглага маўчання.
— Не думала, што ты згодзішся. Меркавала — «сядзеш на крыўду» і расход. Але. але я таксама не магу так лёгка з табой разысціся. Мы так даўно разам. Ну, што за жыццё такое клятае?
Максім задумаўся на секунду.
— Сёння цётка Люба паехала на лецішча. У яе там чатыры соткі. Вернецца праз суткі, не раней. Асобны пакойчык у яе кватэры мой, ты ж ведаеш, — прапанаваў ён.
— Тады вядзі. Куды хочаш. Толькі патэлефаную сваім, скажу, што затрымаюся ў сяброўкі.
***
Ключ ад цётчынай кватэры заўсёды быў з ім. Максім адчыніў дзверы, прапусціў дзяўчыну наперад. І адразу нібы нейкая сіла кінула іх адно да аднаго. Не было ўжо ніякіх думак, спадзяванняў, крыўдаў, — толькі спрадвечнае жаданне поўнай блізкасці.
Праз нейкі час, калі яны, урэшце сцішыўшыся, ляжалі ў спусташальнай цішыні, Максім, спытаў:
— Дык што здарылася, Юля?
Дзяўчына доўга маўчала, пасля чаго парушыла паўзу.
— Мяне прайгралі ў покер.
Паўза.
— Ты хоць у тэму? А сур’ёзна?
— Куды ўжо сур’ёзней. Атрымалася наступнае. Кірыл па дурноце сеў за картачны стол з «каталамі» ці нейкімі шулерамі са сталіцы. Ён і раней часта пагульваў і даволі ўдала, але ж, як аказалася на гэты раз, да пары. Прагуляў вялікія грошы. А іх трэба было неадкладна вяртаць. Бандосы адразу паставілі яго «на лічыльнік». Намаляваліся, як кажуць, больш «рэальнымі», чым ён мог сабе ўявіць. Бадай, яго б маглі і забіць. Ён кінуўся туды-сюды — ніхто не даў яму і стольніка. Патлумачылі папулярна: час такі, што пазычаць больш як пяць умоўных адзінак нікому не варта. Брат брата «кідае». Вось тады ён і звярнуўся да. ну таго самага сябра, бізнесоўца. Той даў грошы, але з умовай, што сястра, я значыць, пайду за яго замуж. Высветлілася, што даўно ўжо выглядзеў мяне, спакваля прасвятліў, як рэнтгенам і чамусьці вырашыў, што я яму, як кажуць, у масць. Кірыл стаў перада мной на калені і... папрасіў. Я... я не жадала, каб ён памёр. Я бачыла тых бандосаў — гэта вельмі сур’ёзна.
— А калі падключыць міліцыю?
Дзяўчына горка ўсміхнулася.
— Не будзь такі наіўны. Што ім менты прад’явяць? Пустату? Патрэбныя ж доказы махлярства, ашуканства, шантажу. Іх няма. А тое, што нехта з некім гуляў у покер, дык які тут крымінал?
— Твой брат — ідыёт. Нікчэмнасць. Як ён мог падстаўляць цябе?
— Вось так і падставіў. Ён лічыць, што да ўсяго робіць мне вялікую паслугу. Уладкоўвае жыццё. І што ты са сваім футболам — звычайны няўдачнік. Несамавіты. Без падтрымкі. Без перспектываў на будучыню.
— І аніяк нельга адпасаваць назад?
— Нельга, Максім. Я не жадаю. Каб ты ведаў, як мне цяжка.
***
Па дарозе дадому, варта ж было паказацца бацькам, Максім выняў з кішэні каробачку з пярсцёнкам, размахнуўся і закінуў далёка ў прыдарожнае кустоўе.
— Каму Бог пашле, — з горыччу ўсміхнуўся сам сабе.
«Гранд» стадыён. Францыя. Ліён
Максім Гудаў, вядома, разумеў, што каманда не здолее змяніць манеру гульні адразу, як чалавек, які не можа нацягнуць на сябе іншую скуру. Стыль той самай гульні — гэта тое, што назапашваецца гадамі і ўкараняецца назаўсёды. Прадбачліва вывучыць асаблівасці гульні саперніка — значыць выведаць яго планы і ў выніку — перамагчы.
Канцоўка матча яўна збівалася на шэраг істэрычных эпізодаў. Гаспадарам пляцоўкі была неабходная перамога, і не ў адных прызавых грашах тут была справа. Дзясяткі тысяч заўзятараў чакалі, няўмольна патрабавалі яе ад сваіх пестуноў. Дзеля чаго яны прыходзілі сюды, на стадыён, гублялі асабісты час? Пэўна, яшчэ і таму, што кожны з іх па-свойму любіў футбол — гэтую самую папулярную гульню ў свеце, і цяпер хацеў ад сваіх улюбёнцаў поўнай аддачы. Чаго яны, урэшце, сюды і зараз прыйшлі, купілі далёка не танныя білеты? Каб усцешыцца перамогай — вось чаго.
Максім, між тым, усё часцей выходзіў на перахват, бо мяч падоўгу затрымліваўся на яго палавіне поля, крычаў з-за таго на сваіх абаронцаў. Ушчуваў іх. Як ні дзіўна, хоць ён, лічы, выпадкова заняў месца Сяргея Румаша, яму бездакорна падпарадкоўваліся. Палыч ужо нічога не мог зрабіць. Ні парадай, ні дапамагчы чым іншым. Ды яго б і не пачулі. Няўмольны Стайлз, дарэчы, зрабіў яму папярэджанне за залішнюю актыўнасць ля броўкі.
Прыкладна хвілін за пяць да канца матча Бурэ выскачыў з ім адзін на адзін, але далёка адпусціў мяч, і Максім літаральна «зняў» яго з нагі форварда. Бурэ, якому ў гэты дзень яўна не шанцавала, тым не менш каварна скарыстаў момант і адчувальна заехаў яму буцай у грудзі. Што ж, прамільгнула ў галаве ў Максіма, гэта балюча, але і гэта можна выкарыстаць сабе на карысць, пацягнуць час. Дзесяць, дваццаць, трыццаць секунд могуць вырашыць усё. Тым больш, Стайлз усё бачыў і не стане яго вініць. Дарэчы, колькі хвілін ён дадасць да асноўнага часу?
Максім урэшце падняўся на ногі, зрабіў супакойваючы жэст сваім і выкінуў мяч у поле свабоднаму хаўбеку. Гульня працягвалася. А яшчэ праз паўхвіліны гаспадароў пляцоўкі ледзь не злавілі на контратацы. Толькі жорсткі знос за дзясятак метраў ад штрафной выратаваў іх ад гола. Стайлз у чарговы раз узняў угору жоўтую картку. А потым зноў выдатны сэйв выдаў іх варатар Жуль Дзюпон — выцягнуў мяч з-пад перакладзіны. Асістэнты, між тым, высвецілі банэры — рэферы дадаў тры хвіліны дадатковага часу.
Напруга матча дасягнула, між тым, найвышэйшай адзнакі. Час быццам цягнуўся бясконца. Гаспадары ліхаманкава атакавалі і зноў ледзь не пацярпелі ад контратакі, хіба што вынеслі мяч на вуглавы.
Корнер. За хвіліну, максімум за дзве да фінальнага свістка, — падумаў ён і кінуў позіркам да «банкі». Там, за броўкай, ужо ліхаманкава ўздымаў угору рукі Палыч. Значыць, справы ў групе для іх — не вельмі, і нічыя ўжо нічога не вырашае. Хвіліна да свістка Стайлза. Так, хвіліна, не больш. «Пара», — падумаў зноў, скінуў пальчаткі і імкліва рушыў наперад, пакідаючы сваю штрафную, да цэнтральнага круга і за яго, насустрач здзіўленаму гулу стадыёна — туды, да чужых варот. Што будзе там, ён не мог і не здольны быў прадугледзець, але нешта неасэнсаванае гнала яго туды. Так іншым разам рабіў яго кумір, вялікі Чылаверт. І няхай трэнеры, спецы ад футбола, журналюгі лічылі і лічаць таго апантаным, вар’ятам, праўда, з агаворкай — геніяльным вар’ятам, — ён быў лепшы сярод лепшых — і гэта ўжо і ёсць сапраўдны футбол, у які той гуляў, і ў які варта гуляць і яму.
Падаваць вуглавы пабег правы хаўбек, нястомны Алесь Саковіч, але і здалёк было бачна, як ён стаміўся. У штрафной сапернікаў — мітусня, разборка па персонах, звыклы прэсінг. На яго, варатара з чужой штрафной, які ўзнік за спінамі, у той момант ніхто асабліва не зважаў. Яшчэ не разабраліся. Ужо ўклініваючыся ў гэты гармідар, ён ускінуў руку, даваў знак Саковічу, каб падаваў на дальнюю стойку, і адначасова рвануўся туды, на свабодны пятачок, не губляючы бакавым зрокам палёт мяча, няблага закручанага Алесем, і, урэшце, у падзенні «злавіў» яго галавой ля самай стойкі.