My-library.info
Все категории

Іван Пташнікаў - Не па дарозе

На электронном книжном портале my-library.info можно читать бесплатно книги онлайн без регистрации, в том числе Іван Пташнікаў - Не па дарозе. Жанр: Прочее издательство неизвестно, год 2004. В онлайн доступе вы получите полную версию книги с кратким содержанием для ознакомления, сможете читать аннотацию к книге (предисловие), увидеть рецензии тех, кто произведение уже прочитал и их экспертное мнение о прочитанном.
Кроме того, в библиотеке онлайн my-library.info вы найдете много новинок, которые заслуживают вашего внимания.

Название:
Не па дарозе
Издательство:
неизвестно
ISBN:
нет данных
Год:
-
Дата добавления:
5 октябрь 2019
Количество просмотров:
229
Читать онлайн
Іван Пташнікаў - Не па дарозе

Іван Пташнікаў - Не па дарозе краткое содержание

Іван Пташнікаў - Не па дарозе - описание и краткое содержание, автор Іван Пташнікаў, читайте бесплатно онлайн на сайте электронной библиотеки My-Library.Info

Не па дарозе читать онлайн бесплатно

Не па дарозе - читать книгу онлайн бесплатно, автор Іван Пташнікаў

Як ні тоўхаў яго пад бокі Андрэй, апроч упартага «адыйдзі!», не мог дабіцца нічога. Затым ён перацягнуў яго з лавы ў запечак, спрабуючы раскатурхаць. Нічога не памагала. Нарэшце ён вывеў таго на двор. Раману ж нібы язык адняло. Ён толькі мармытаў пад нос нешта благое. Якубчык зразумеў, што спаіў хлопца на сваю галаву. Ён плюнуў і пайшоў у хату, пакінуўшы таго праветрыцца на прызбе.

Калі ж ён праз некалькі часу выйшаў на ганак, Сідаркі на двары не было. Злосная лаянка зляцела з вуснаў Андрэя. Ясна, той «п’янюга» захацеў яго ашукаць.

«Але ты ад мяне не выкруцішся, лісіная скура», — скрыгатнуў ён зубамi.

Да Сідаркі дамоў адразу ж быў зноў пасланы Вова. Памятаючы бацькавы словы: «дастаць паршыўца з-пад зямлі», ён забег нават у некалькі хат, куды часцей за ўсё заглядаў Сідарка, але той нібы скрозь зямлю праваліўся.

У злосці, парашыўшы зглумлены паўлітэрак садраць з хлопца ўтрая і прымусіць таго прыкусіць язык, Андрэй прыкідваў новы план: ён пойдзе з Вовам.

«Хай сабе прывалачом i меней, але затое надзейна. Ніхто не будзе знаць і дзяліць ні з кім не трэба. А адклад не ідзе ў лад — снапы могуць звезці...»

Вечар прысунуўся раптоўна. 3 цемнатою вёска засталася ззаду. На ўзлессі было ціха, нават нудна. Мітрэнжылі камары i разам з сасновымі калючымі лапкамі лезлі ў вочы. Недзе далёка-далёка, у глыбіні лесу прыглушана стукаў тапор позняга дрывасека. Нават рэха не бы­ло. Мусіць, нехта з суседняга сяла пасля звозкі снапоў папрасіў у брыгадзіра каня з’ездзіць па дровы. На маладых сасонках ціхенька папісквалі нейкія мізэрныя птушкі, пырхаючы з сучка на сучок, нібы ўцякаючы ад кагосьці. Каля балота рыкала карова і галёкала жанчына. Ззаду, там, дзе была дарога, забрынчэў веласіпедны званок і нехта загаманіў...

Нічога не прапускала Андрэева вуха.

Сын жа больш чым апраўдваў ягоныя надзеі. Ён бег наперадзе, расхінаючы лапкі, не баючыся ні звяр’я, ні карчэўя.

«Не дарма я браў яго начамі з сабою. Кемлівы хлопец расце...» — усміхаўся ён тады па дарозе.



Цяпер ён сунуўся гэтай самай дарогай у Леснікі з апушчанай галавой. Жукаўшчына заставалася збоку. Праз рэдкае ўзлессе было відаць жоўтае поле, шырокае-шырокае, не змераць за дзень... Канчалася яно недзе там, дзе віднеліся на фоне белага ад летніх воблакаў неба толькі вострыя вершаліны далёкага векавога лесу. Там недзе фыркаў ні то камбайн, ні то калгасны «газік».

Трапяталася сэрца, калі Андрэй пачынаў думаць пра сустрэчу з Вайцехам. Першы раз ён ішоў у Леснікі ў такім настроі. Зацяганы, абшарпаны, аброслы барадою. Яшчэ дома яго кідала ў дрыготку, мо таму ён у дабавак да ўсяго накінуў на фрэнч стары-стары плашч. Трымаўся ён на плячах і не разлазіўся толькі таму, што быў вельмі моцны і ўслед жа цыраваўся, варта яму было дзе-небудзь распаўзціся. Здавалася, плашч менш пацярпеў за ўсе мокрыя і халодныя гады ў сваім жыцці, чым яго гаспадар за адны суткі.

Пасля таго, як яго сястра Юлька амаль збегла ў Леснікі за гэтага самага Сяліцкага Вайцеха, то Андрэй ішоў да яго заўсёды з нейкім гонарам, нібыта ён быў не Юльчын брат, а бацька, які прымусіў выйcцi сваю прыгожую і багатую дачку за гэтага галайстру — Сяліцкага. Хоць, як кажуць, у гасцях гасціць — не сваю волю тварыць, але Андрэй прывык, каб яго кожны раз сустракалі паўлітэркам і ласункамі. Ён, вядома, меў права быць госцем, i Вайцех яму многа год сапраўды быў рады.

Якубчык памятае, як Юлька перабралася да Сяліцкіх без ніякага вяселля i якраз перад тым, калі пайшлі ў калгасы. Не хацеў радніцца з Вайцехам Андрэй... Але дзе ты дзенешся!.. Вайцех тады стаў дэпутатам, i любоў нейкая з’явілася ў яго сястры-камсамолкі да гэтага лесуна. Паспрабуй стаць упоперак дарогі... А што гаварыць пра свае валокі, якія засталіся ад бацькі, і нейчыя шнуркі — калгас усіх зраўняў.

Пасля, здаецца, яны і нядрэнна жылі і згоду мелі. Забыліся пра мінулае, памагалі адзін аднаму сім-тым.

Толькі як сустрэне цяпер той суровы чалавек, які, як гаварылі пра яго на вёсках, i вока за ўсё жыццё нікому не запарушыў, і які пасля смерці жонкі стаў пазбягаць яго, Андрэя. Ведае, мусіць. Дайшло і да яго...

К паўдню, відаць, бралася добра распагодзіцца. Там, угары, за сасновымі вершалінамі віднелася блакітнае неба, пацягнутае рэдзенькай баваўнянай павалокай. Нават у цяні гуcтога лесу адчувалася, што прыграе сонца.

Перад самымі Леснікамі, крыху звярнуўшы з дарогі і паклаўшы веласіпеды на зямлю, корпаліся ў зблытаным малінніку два юнакі. Адзін здаўся яму знаёмы.

«Павырасталі. Новы свет пайшоў. Хутка нікога не пазнаеш...»

Лес здрабнеў, і між сасновых ствалоў выглянулі крытыя новай гонтай стрэхі хат.

Нешта ў сярэдзіне балюча заныла.


IV


Апошнія дні Вайцех толькі і думаў пра швагра. Ен чакаў яго з часу-на-час, збіраючыся аднесці пасцілку ў канцылярыю, але ўсё адкладваў на заўтра: старшыня быў у раёне. На месца пакражы Вайцех ужо звадзіў двух членаў праўлення і дэпутата. Склалі акт. Хтосьці настойваў выклікаць міліцыю, але Вайцех заявіў, што злодзей прыдзе сам, прасіў пачакаць дні са два і не ўзнімаць вэрхалу. Члены праўлення толькі паціснулі плячыма, здзіўлена паглядзеўшы адзін аднаму ў вочы, але згадзіліся з Вайцехам. Толькі дэпутат ніяк не ішоў на такі план, і, каб растлумачыць таму, Вайцеху прышлося весці доўгую гутарку.

Вайцех ведаў натуру Андрэя і быў упэўнены, што той прыдзе. Ніяк ён не вылазіў з галавы, стаяў перад вачыма: хітры, ваўкаваты. Вайцех яшчэ не ведаў, што на свеце няма ранейшага Андрэя, а ёсць толькі згорблены і паранены ім чалавек.

«Быць не можа... Няўжо я яго падстрэліў?.. 3 такой стрэльбы, ды яшчэ соль — далёка не папрэ...»

Сёння раніцой, прышоўшы з Жукаўшчыны, ён ледзь звёў вочы, як прысніў сон...

...Яны з Андрэем, аручы на быках пад лесам, знайшлі золaта. Цэлы гладыш. Бліскуча-е такое, чырвонае, нібы гэта быў збан з гарачым вуголлем. Але што такое... Андрэй згроб яго пад паху і хоча ўцячы.

— Аддай, аддай!.. Калгаснае!.. — закрычаў Вайцех.

Адкуль узяўся нож, i ён, Вайцех, — о, гора!.. — замахнуўся ім на Андрэя, але аднекуль з’явілася Юлька i, нема закрычаўшы, ухапілася яму за руку. Ён прачнуўся i адразу ўскочыў з ложка.

У ваччу доўга яшчэ стаяла маладая і гарэзлівая Юля, як i трыццаць год назад, калі яны ўпершыню спазналі адно аднаго...



...Хто мог сказаць, хто мог падумаць тады, што будзе ўперадзе!..

Яны былі шчаслівыя. Яны любілі адно аднаго... Яны любілі і дзяцей... Як горка часам адчуваць, што шчасце ўжо мінула, прайшло, знікла ў віры жыцця i яго не вернеш ніякімі варункамі. Не, яно само не прайшло, не пакінула яго. Яно страчана назаўсёды па волі людзей, якіх яшчэ носіць зямля... Эх, жыццё, жыццё... Але што наракаць на яго?.. Вінават ён, Вайцех. Сам не змог зберагчы сваё шчасце. Але хіба будзеш ведаць, на якой ты кладцы спатыкнешся? Гэтулькі ў жыцці няроўных дарог...

Няўжо ён тады спатыкнуўся? Няўжо ён даў які-небудзь знак для таго, каб воля Андрэя павяла за сабою Юльку?.. I куды? На верную смерць...

Цяжка ўспамінаць тыя часы, калі яго дома на папялішчы не сустрэў ніхто: ні жонка, ні дачка... А можа i не варта прыпамінаць мінулае? I звер жа не заўсёды бегае па адных i тых жа слядах... Але цяжка ўтрываць, калі адчуваеш штодня, як амаль учора яна, Юлька, лашчыла цябе i прымала з такой ахвотаю тваю пяшчоту...

Яна — жонка. Як многа Вайцех звязваў з гэтым словам... Для яго яна была ўсім: у маладосці — несціханай радасцю, непаседлівасцю, замілаваннем; а пасля — сямейным спакоем, мацярынскім шчабятаннем над калыскай, клопатамі, каб хаця раслі сыны. Жонка... Цаны ёй не было... Яе чорныя вочы амаль ніколі не кідалі ў яго бок папракальных або падазроных паглядаў. Ён быў варты гэтага.

Толькі няма чаго цяпер варушыць попел згарэлых да тла дзён. Нічога не вернецца. А слёзы не памогуць ніколі, як не памаглі яму тады. Мужчынскія слёзы — дурная раса. Ён i не плакаў тады многа. Ён змірыўся з тым, што ў яго няма больш самага дарагога. Але колькі разоў гэтае слова — жонка, да якога ён стаў цяпер чорствы, кроіла яму душу, І здавалася часам, што яе ранаў не можа залячыць ніякі бальзам...

Чорт i да пекла прывыкае, прывык i Вайцех да адзіноты. Хаця тады яшчэ ішла вайна, якая прымушала забывацца на ўсё, калі трэба было да болю ў руках сціскаць аўтамат...

Адзінокае жыццё сушыць сэрца. Але ён не лічыў сябе зусім адзінокім. У яго ёсць дачка, такая ж чарнавалосая i чарнабровая, толькі па характару можа менш жвавая, як маці. У бацьку крыху ўдалася. Ён будзе жыць для яе, будзе яе вучыць, будзе шанаваць, як толькі зможа. I сам ён дажыве веку пры ёй. Дзе ўжо яму маладзіцца. Старасвецкі дуб, які вынес на сабе незлічоныя буры, не можа расці ўгору i пышна зелянець. 3 кожнай вясной на ім ўсё менш і менш зялёных галін... Дык няхай будзе яму ўцехай маладое, гонкае дрэўца, што расце пад яго шатамі, і няма чаго хіліцца праз дарогу да каржакаватай, усёй у грыбах і з абламаным голлем бярозы...


Іван Пташнікаў читать все книги автора по порядку

Іван Пташнікаў - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки My-Library.Info.


Не па дарозе отзывы

Отзывы читателей о книге Не па дарозе, автор: Іван Пташнікаў. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.

Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*
Подтвердите что вы не робот:*
Все материалы на сайте размещаются его пользователями.
Администратор сайта не несёт ответственности за действия пользователей сайта..
Вы можете направить вашу жалобу на почту librarybook.ru@gmail.com или заполнить форму обратной связи.