Домашевич Владимир
Сiвы конiк (на белорусском языке)
Уладзiмiр Дамашэвiч
Сiвы конiк
I
Конiк быў усяго на год маладзейшы за мяне i, колькi я памятаю, не змянiўся з выгляду анi - можна было падумаць, што гэта двухлетак, не болей. Ён быў сiвы, жалезнай, трохi ржавай масцi, летам цямнейшы, зiмой святлейшы, сярэдняга росту, з тонкiмi моцнымi нагамi, з добра развiтай мускулатурай лапатак i персяў, з падцягнутым жыватом, на якiм злева ля пахвiны вiднеўся пад скурай невялiкi, як расплясканае курынае яйка, гуз - след натугi. Быў конiк страшэнна сярдзiты, асаблiва калi галодны - тады да яго не падступiшся, а калi трэба было злавiць на пашы, то з пустымi рукамi не iдзi - не дасца, трэба браць гарнец з аўсом або вядро з лупiнамi. Але больш за ўсё ён баяўся машын. Так баяўся, што па вялiкiх дарогах ездзiць на iм, вiдаць, не кожны асмелiўся б, каб хоць раз пабачыў, што вырабляе гэты сiвы сухi конiк пры сустрэчы з машынай. Мо таму i баяўся, што машын тых мала сустракалася на дарогах "Усходнiх крэсаў", як называлi паны Заходнюю Беларусь. Яшчэ горш з iм было ў горадзе - можа памчаць па вулiцы, вывернуць воз, паламаць платы, нарабiць шкоды. Не раз штрафавалi бацьку за гэта прыдзiрлiвыя палiцыянты.
Але бацька з канём так-сяк спраўляўся, нiколi асаблiва не скардзiўся на яго, бо, акрамя кепскага, меў конiк яшчэ i такiя якасцi, якiх не ў кожнага знойдзеш. Яму не трэба было нiколi паказваць пугi, таму бацька яе нiколi не меў. На конскую ж злосць у бацькi была свая, можа яшчэ большая, была i сiла, у якую нiколi не паверыш, глянуўшы на чалавека: сухарлявы, мо чуць нiжэй сярэдняга росту, вузкi ў плячах, крыху сутулы, але ўпарты, цягавiты, жылiсты i моцны. Рукi ў яго былi як жалезныя, i ўжо калi ён iмi за што браўся, то як абцугамi.
Конь i гаспадар як бы дапаўнялi адзiн аднаго, злiваючыся ў нешта цэлае, непадзельнае, а калi глянуць, як бацька едзе на сваiм конiку, то нiколi не ўявiш, што ён можа ехаць на якiм iншым канi, а толькi вось на такiм. Для беднага гаспадара, якiм быў мой бацька, конiка такога трэба пашукаць.
Нягледзячы на такую знiтаванасць, гаспадар i конь недалюблiвалi адзiн аднаго, але што зробiш. I жыць паасобку яны не змаглi б, асаблiва гаспадар без каня. Работы на двух з паловай гектарах нямнога; бацька ўвесь час ездзiў з канём па заработках, а гэта для сям'i многа значыла, бо чалавек з канём зарабляў удвая, а то i ўтрая болей, чым адзiн. Таму бацька i дома рэдка стыкаўся. Прыязджаў дадому часам вясёлы, калi ўдавалася добра зарабiць, а часцей сярдзiты, крыклiвы, няголены, пахудзелы, толькi вочы нядобра блiшчалi з-пад насупленых броваў. Конь таксама здаваў за гэтыя днi, яму яшчэ больш падцягвала жывот, а пад шкурай на баках выступалi шырокiя, як арэхавыя абручы, рабрыны.
Каля хаты ў нас быў невялiкi кавалак дзяцелiны, дзе мы часам прыпасвалi карову, а часцей каня, бо карова магла i ў другiм месцы назбiрацца за ўвесь дзень, ёй нiкуды не трэба было спяшацца, а конь не спыняецца - у рабоце ды ў рабоце.
...Бацька вывеў каня на дзяцелiну, навязаў на лейцах. Спутанага мы яго не пускалi - забяжыць куды-небудзь цi ўваб'ецца ў шкоду, на адным месцы хадзiць не стане. А навокал лес - знайдзi яго потым. Вечарэла. Я паспеў прыгнаць карову з пашы i лавiў хрушчоў, якiя толькi што з'явiлiся на маладым лiсцi. Я трос арэшнiк, i яны падалi на зямлю, як спелыя арэхi восенню. Назбiраў поўную кiшэню, падышоў да каня. Ён, прыпаўшы да дзяцелiны, заўзята скуб. Канюшына была яшчэ маладая, i ён ажно званiў пустымi зубамi. Убачыўшы мяне, конь нахмылiўся, падтулiў вушы. Гэта азначала, што ён сярдзiты, да яго не падлазь. Але я чамусьцi не паглядзеў на гэты знак перасцярогi i працягнуў руку, каб узяць каня за аброць.
Раптам ён дзiка гiкнуў i стаў перада мною на дыбкi, а пярэднiя капыты, як цяжкiя гiры, занёс над маёю галавой. Я так спалохаўся, што не паспеў i крыкнуць, а конь, зрабiўшы гэты нечаканы выбрык, адвярнуўся ў другi бок i зноў пачаў скубцi дзяцелiну. Я пастаяў на тым месцы колькi часу, пакуль ачомаўся, а пасля цiхенька стаў адступаць задам, далей ад каня. А ён быў заняты ядою i нават ужо не глядзеў на мяне.
Умеў ён i кусацца, я сам адчуў гэта на ўласнай скуры. Наш хлеў-плятнiк быў цесны, разгароджаны на дзве палавiны - адна карове, другая каню. Загарадзь трымалася на тоўстай елцы, якая ўзвышалася над страхою, як пiрамiда. Ля камля гэтай елкi стаяў на высокiх ножках конскi жолаб, у якi бацька толькi што ўсыпаў гарнец аўса, бо некуды збiраўся ехаць.
На палатках ляжалi жэрдкi, на iх салома. На тых жэрдках i на саломе сядзелi куры. Мацi сказала мне палезцi i падаставаць з гнёздаў яйкi. Я ўзяў той самы гарчык, з якога бацька высыпаў авёс, сабраў яйкi, мо якi з дзесятак, i хацеў зазiрнуць у жолаб, бо iншы раз якая-небудзь пяструшка любiла знесцiся i ў жолабе.
У плетнiку, хоць дзверы i прычынены, заўсёды светла - шчылiна на шчылiне.
Я падышоў да загарадзi, паставiў гарнец i ўлез да каня. Толькi я сунуў руку ў жолаб, як конь ускiнуў галаву i, ашчэрыўшы зубы, схапiў мяне за плячук, пасля рэзка матнуў галавою, i я паляцеў яму пад ногi, толькi затрашчала шарачковая куртка ды страшэнна забалела плячо. Куртку мне мацi зашыла, а на плячы доўга не сыходзiў вялiзны чарняк - след конскiх зубоў.
Трэцi раз мне нагарэла ўжо за каня, а не ад каня. Мацi, я i малодшая сястра ехалi да бабы. Летам я пасвiў там карову, а цяпер мацi забiрала мяне дадому - пара было хадзiць у школу.
У Ляхавiчах ля самага рынку мы сталi. Мацi накрыла гунькаю каня, бо было горача, а мух i аваднёў ён баяўся не менш машын - iншы раз аж лажыўся ў аглоблях. Мы стаялi збоч вулiцы, за нейкаю фурманкай. Мацi аддала мне лейцы i сказала:
- Пасядзiце тут трохi, я зайду ў краму, куплю селядца i вам якую булку. Ды глядзi Нiну, - прыгразiла яна мне.
Як толькi мацi пайшла, я прывязаў лейцы да аглабiны, злез з воза i ссадзiў сястру. Мы нiкуды не адыходзiлiся, толькi стаялi на бруку i глядзелi, як снуюць сюды-туды людзi, занятыя сваiмi клопатамi. Прайшло нямнога часу, а нам ужо надакучыла чакаць. Я хацеў зноў садзiцца на воз, як раптам здарылася бяда. Па вулiцы два жыдоўскiя хлапчукi вязлi на двухколцы пустыя бутэлькi. Двухколка падскаквала на бруку, а бутэлькi так моцна грымелi, што наш конь спуджана рвануў спачатку на тратуар, а пасля крута заламаў назад, воз вось-вось гатоў быў перакулiцца, але неяк астояўся, толькi грымнулi калёсы аб брук. Хвiлiна i конь наш прапаў, згубiўся ў гарадской мiтуснi, сярод людзей i фурманак.
Што ж рабiць? Сястра, спалохаўшыся, заплакала, я таксама, гледзячы на яе, гатоў быў крычаць на ўсё горла. Мы пайшлi, узяўшыся за рукi, у той бок, дзе прапаў конь. Якраз быў кiрмашовы дзень, на плошчы пасярод горада стаяла многа фурманак. Мы сталi хадзiць ад воза да воза i прыглядацца, цi не ўбачым дзе свайго Сiвага, распытвалi ў людзей. Нiхто нiчога не ведаў. Мы так абышлi ўвесь кiрмаш разоў тры, калi раптам убачылi, што наш Сiвы стаiць побач з нейкiм чужым канём i спакойна есць сена. Цяпер толькi я здагадаўся, чаму не прыкмецiў яго раней: ён жа накрыты гунькай! Ад радасцi мы не ведалi, што рабiць, нават забылi пра матку.
Нейкi вусаты дзядзька спытаў у нас з недаверам:
- Хiба гэта ваш конь? А дзе гаспадар?
- Наш, ён быў уцек, - адказваю я. - Мы едзем адны, з мамаю. Яна пайшла ў краму. А там вязлi нейкiя пляшкi, конь спужаўся...
- А дзе вы стаялi дагэтуль?
- Вунь там, - паказаў я пальцам. - Насупроць царквы.
Дзядзька пасадзiў нас на воз, а сам недзе пайшоў. Мы сядзiм, чакаем. Чакаем матку, нiбы яна ведае, што мы ўжо тут, на новым месцы.
Сястра пачала плакаць:
- Дзе мама?.. Дзе мама?..
- Зараз прыйдзе, не плач, - супакойваю я малую. Мне i не ў галаве, што яна можа нас не знайсцi, я ўпэўнены, што яна ведае, дзе мы. На тое ж яна i мама.
Вось яна i праўда iдзе - з тым вусатым дзядзькам. Мы з крыкам кiдаемся да яе. Яна са слязьмi на вачах цалуе нас па чарзе, пасля робiцца строгая i крычыць на мяне:
- Як ты глядзеў каня, га?
I б'е мяне далонню па шчацэ.
Я плачу. Плача i мацi.
- Завошта ты яго, кабета? - памяркоўна кажа вусаты дзядзька, што прывёў яе да воза. - Хiба ён вiнаваты? Дзiця ж малое, што ты ад яго хочаш. Яшчэ i так добра, што каня знайшоў. Чаго ж ты на яго?
Я з удзячнасцю гляджу на дзядзьку, але маўчу, толькi размазваю слёзы.
Мацi трохi супакойваецца, кажа ўжо з вiнаватай усмешкай:
- Я i сама цяпер бачу, што дарэмна накiнулася на хлопца, але ж гэтулькi страху перажыла, што аж сэрца балiць. Прыходжу на тое месца - а iх i след прастыў. Дзе iх будзеш шукаць? Хто гэта мог падумаць, што конь паверне назад? Ой, дзякуй вам, дзядзечка, што памаглi знайсцi...
Мацi зацугляла каня, i мы паехалi дадому.
II
Мы жылi ўжо на новым месцы, у бабы, але яшчэ часта даводзiлася ездзiць на старое котлiшча.
Памятаю, у той дзень бацьку нездаровiлася - схапiў жывот. Ён у бацькi балеў часта, бо быў "сарваны ўраз", як казалi мясцовыя "дактары" - шаптухi. Але нiчога не зробiш, трэба было ехаць у тую Вадзяцiну. Мы выехалi недзе пад поўдзень, бо ўсё роўна туды i назад за адзiн дзень цяжка справiцца: пяцьдзесят вёрст - для каня добрая дарога, ды яшчэ не з пустым возам. Часцей за ўсё мы вазiлi адтуль дровы, бо на новым месцы лесу блiзка не было i дровы тут даставалiся людзям дорага.