Вiталi родныя балоты,
Густыя лозы i чароты.
I на душы нейк весялела,
I сэрца радасцi хацела,
А думкi цiхiя i мары
На душу клалi свае чары.
Хацелась жыць, ушыр разняцца,
За долю лепшую змагацца;
Ўзнiмалiсь грудзi: чулiсь сiлы,
I божы свет здаваўся мiлы.
Памалу, звольна i ў Парэччы
(Такая ўрода чалавеча)
Зжывалiсь з месцам, прывыкалi,
Гняздо старое забывалi,
I праз якiх дзве-тры нядзелi
Ўжо весялей на свет глядзелi
Будынкi гэтыя старыя
Яны зрабiлiсь як не тыя.
Агледзеў iх Антось, падправiў
I шулы новыя паставiў
Ў гнiлы паркан, i лом сабралi,
Ды шыбы ў вокны паўстаўлялi,
Бо не любiлi непарадку,
I пачалi жыць зноў спачатку.
Ды йзноў бяда: праз год вясною
Згарэла хата з варыўнёю
I ўвесь набытак, што быў ў дому.
Пажар той выбухнуў, як з грому,
Хоць ён i меў свае прычыны.
Як на бяду, пайшлi мужчыны
I Ўладзiк з iмi ўрассыпную:
Адзiн у лес, той да адбору,
З сахою трэцi ў гэту пору
Араў дзесь пасеку старую;
Дык што магла з дзяцьмi малымi
Зрабiць жанчына адзiнютка?
I ўсё згарэла дачысцютка,
Прапала марна ў чорным дыме.
Зазнала жалю гаспадыня:
Ў агнi згарэла яе скрыня
З усiм пасагам i набыткам;
Прапалi хусты яе, свiтка,
Згарэлi кросны, рад багоў
I грошай сорак сем рублёў.
Хоць, праўда, Костусь не збаяўся
I смела з пожарам змагаўся:
Звалок гарошыны з пасцелi,
Тады, як вопраткi гарэлi,
I з iмi доўга ён насiўся,
Аж покi зруб не павалiўся.
Бяда, хоць плач, i дзе дзявацца?
Куды ад холаду схавацца?
I мацi з дзеткамi малымi
Нядзелi дзве жыла з сваiмi.
А на пажарышчы часова
З'явiлась новая будова
Зямлянка-будачка малая,
Ў адно акенечка, крывая,
Але да часу добра й гэта.
Тым часам сонца йшло на лета,
Дык так-сяк кiдалiсь, качалiсь,
Хоць дужа з горам спазнавалiсь.
Каля зямлянкi тут прыветна
Гарэў агоньчык чуць прыметна,
Абы не звёўся. Вечарамi
Тут мацi ўходжвалась з гаршкамi,
Сям'i вячэру гатавала,
Тады зямлянка ажывала:
Смяялiсь дзецi, мiтусiлiсь,
Як рыба ў букце, варушылiсь,
Бярвенцы, трэсачкi сцягалi
Ды на агоньчык падкiдалi.
Шугала полымя праворна,
Як бы чагось каму смяялась
I то свавольна ўгору рвалась,
То рассцiлалася пакорна.
А ветрык, злодзей, не стрывае,
З-за хаткi хiтра налятае,
Ў агоньчык раптам уварвецца;
Агонь туды-сюды матнецца
I дымам ветра адбiвае,
Як бы тых жартаў не прымае.
А на дварэ ўжо вечарэе,
I ночка блiзка, змрок гусцее,
Агоньчык колер свой мяняе
I счырван-жоўты блеск прымае;
I моўкнуць птушкi ў цёмным лесе;
Баранчык божы ў паднябессi
Бляе маркотна над балотам,
Як бы шукае ён каго там,
I гэта смутнае бляянне
Ў цiшы балот у час змяркання
На сэрцы жалем аддаецца,
I ў душу журбаю лiецца,
I мары розныя наводзiць.
I думка вынiкне - праходзiць,
Як тыя хмаркi на заходзе,
Што без слядочка, быццам ценi,
У смутным нiкнуць задуменнi.
Маўклiва-сцiшна ўсё ў прыродзе!
Напрацаваўшысь, спачываюць
Усе старэйшыя - хто ў хатцы,
А хто ў гумне ва ўсёй апратцы
I гэтак ночкi прасыпаюць.
I вось, бывала, вечарамi
Каля агоньчыку часамi
Алесь i Костусь засядзяцца.
А як ужо пачне змяркацца
I зоркi ў небе замiгаюць,
Пужаць iх страхi пачынаюць.
Тады браты радком садзяцца,
Плячо ў плячо, але прызнацца,
Што страшна iм, нiхто не хоча.
- Алесь! ты чуеш, як рагоча
Ў беразняку баранчык божы?
Але цi ведаеш, з чым схожы
Той дробны рогат? Мне здаецца,
Антось Тацянiн так смяецца!
I хлопцы ўраз зарагаталi,
Ды ўраз жа смех той абарвалi:
Вакол было ўсё так спакойна,
Дык гэты смех нейк непрыстойна
Сюды, ў пакой начны, ўрываўся
Самiм iм дзiкiм ён здаваўся.
Маўчаць яны. Касцёр палае,
Вакол усюды цьма густая
Пiльнуе плямку агнявую
I гэту норку залатую,
Што ў нетрах цьмы агонь свiдруе,
Каб знiшчыць блеск. Агонь сярдуе
I цьме нiяк не паддаецца;
Часамi полымя прарвецца,
I цьма сярдзiта схiсянецца,
Адскочыць далей напаўкрока.
Агонь блiшчыць, як воўча вока.
Паволi дрэўцы дагараюць,
I цiха iскрачкi ўзлятаюць
I гаснуць борзда без слядочка.
Ўжо позны час, глыбока ночка,
А хлапчукi сядзяць маўклiва
I навакол глядзяць пужлiва.
У iх фантазii дзяцiнай,
Затканай страху павуцiнай,
Ўстаюць начныя страхi, зданi,
I зыкi чуюцца паганi,
Чараўнiка i чараўнiцы,
I лопат крыллямi начнiцы.
А кожны куст iм дзеда родзiць
Таго, што ўсюды лазiць, ходзiць
З мяшком i мылiцай-кульбою
I з доўгай сiвай барадою,
Iдзе i дзетак забiрае,
След барадою замятае.
На полi неба лес страхлiвы
Стаiць зацяты, нерухлiвы.
Што ён ў сабе цяпер хавае?
Снуецца нечысць там лiхая,
Мярцвяк пад елкай прытулiўся,
На iх цяпер утарапiўся
I зараз мёртваю рукою
Пачне хрысцiць перад сабою,
Каб рух адняць, скаваць iх сiлу,
Каб зацягнуць iх у магiлу.
Там ходзiць страшны воўк-бадзяга,
Разбойнiк крадзецца, туляга,
З акрываўлёнаю рукою
I з страшнай цяжкай булавою.
Шалёны бегае, пужае,
Каго нi стрэне - ўсiх кусае...
- Ну, што, брат Костусь, цi баiшся?
Куды так пiльна ты глядзiш ўсё?!
Алесь пацiхеньку пытае
I руку брата не пускае.
- Цi бачыш што? - Не, так, нiчога!
Гаворыць Костусь, а ў самога
На лоб кучомка напаўзае...
- Мо пойдзем, братка? - ён гаворыць.
Алесь ахвоцен i не спорыць,
Браты за рукi пабяруцца,
Ў зямлянку вобцас панясуцца.
VII. ДЗЯДЗЬКА-КУХАР
Наш дзядзька, мiлы наш Антонi,
Ў дзiцячым часта быў палоне:
Вось так гуртом яго абсядуць
I час работы яго крадуць;
Насi "катла", кажы iм казкi,
Iдзi на поплаў з iмi ў краскi,
Давай адказы на пытаннi,
Тлумач ты iм усё дазвання:
Адкуль, з чаго дзе што бярэцца,
Вось гэта, тое як завецца
I чаму так, чаму не гэтак?
Прыхiлен дзядзька быў да дзетак.
Ён быў настаўнiкам, суддзёю,
Калi, бывала, мiж сабою
Паспораць дзеткi цi паб'юцца,
Дык да каго тады звярнуцца,
Як не да дзядзькi, да Антося?
Ох, слаўна з дзядзькам iм жылося!
Яшчэ замецьце, што з малымi
Ён размаўляў, як са старымi,
I з iмi радзiўся, спрачаўся
Як роўны з роўнымi трымаўся!
Калi ж хто часам з iм не зладзiць,
То дзядзька толькi вус пагладзiць,
Але не скажа ён нiчога,
Бо ведаў, чым даняць малога,
Гаворыць з тым, з кiм дзядзька ў згодзе:
- Калi такi ён, ну, то годзе!
I дзядзька змоўкне, пачакае,
Кiсет дастане i закурыць
I вочы чутачку прыжмурыць,
Як бы i ў памяцi не мае
Таго, што з хлопцам пасварыўся.
- А як авёс наш урадзiўся?
Схадзiць бы ў Лiпава пабачыць!
Ўжо знаюць дзецi, што то значыць
Гаворка дзядзькава такая,
Куды ён вуды закiдае:
У Лiпава пайсцi з iм! Божа!
I хто ўстаяць прад гэтым зможа?
Ды гэта ж - свята, ягамосцi!
Набок тут норавы i злосцi!
I мяккiм робiцца паганы
Хоць ты яго кладзi да раны.
Адно вазьмi яго з сабою,
Усюды пойдзе за табою
I ўсё забудзе, ўсё даруе,
На дзядзьку больш не засярдуе.
А чым жа Лiпава так мiла?
Чым так дзяцей яно манiла?
I што за Лiпава такое?
А гэта - поле маладое
Сярод лясоў, як скiнуць вокам;
На тым абшары, на шырокiм,
Раскошна нiвы красавалi,
А ў iх мiльёны красак ззялi,
Як бы на небе тыя зоркi;
Лужкi, дарожкi, i пагоркi,
I купкi хвоек маладыя,
Дзе матылёчкi залатыя
На сонцы крыльцамi блiшчалi,
Жучкi i конiкi трашчалi
I ў стройны звон свой зык злiвалi.
Былi там пасекi. Штогоду
Тут сотнi блiзшага народу
Дзялянкi лесу карчавалi
I на трацяк iх засявалi
Капу да скарбу, дзве дадому...
Ну, як тут вытрываць малому,
Таму, хто з дзядзькам пасварыўся?
Як бачыш, з дзядзькам ён гадзiўся.
А пойдзеш ў Лiпава лясамi,
Напэўна стрэнешся з ласямi
I зайца ўгледзiш, i вавёрку,
I норы воўчыя на ўзгорку
Сярод трушчоб мiж ельнякамi,
I "чортаў камень", што вякамi
Над Азярком ляжыць, як хата...
Ну, ўсякiх дзiў там ёсць багата!
А дзядзька ўсё табе пакажа,
Цiкавасць тваю ўсю развяжа.
А найважнейшая тут мэта
Звярнуць з дарогi i да цёткi
Зайсцi на час якi кароткi
Тарэсяй звалась цётка гэта.
Яна так ветла сустракала
I надта ж добра частавала:
Спячэ "цалкоў" на скавародцы,
I так, бывала, наясiся,
Што хоць на пупiку круцiся;
Усiх цягнула ў госцi к цётцы:
Так узмацуе на дарогу
Было што есцi, дзякуй Богу!
О, дзядзька спосабаў меў многа
Даняць працiўнiка малога!
Пайсцi ў грыбы цi ў тую ж рыбу,
Або паехаць у сялiбу
Цi ў млын малоць на хлеб збажынку
Ўсё гэта квапiла хлапчынку,
Цягнула крэпенька, бывала,
I, як рукою, злосць знiмала.