Аднойчы, калi яна чытала ўголас, Цiмi працягнуў руку да яе падбародка i, асцярожна прыўзняўшы яе твар ад кнiгi, прымусiў яе зiрнуць яму ў вочы.
- Мiс Фэлоўз, адкуль вы ведаеце, што тут трэба гаварыць?
- Ты бачыш гэтыя значкi? Яны-та i кажуць мне пра тое, што я потым ужо расказваю табе. З гэтых значкоў складаюцца словы.
Узяўшы з яе рук кнiгу, Цiмi доўга з цiкаўнасцю разглядаў лiтары.
- Некаторыя значкi зусiм аднолькавыя, - сказаў ён нарэшце.
Яна засмяялася ад радасцi, што ён такi кемлiвы.
- Правiльна. Хочаш, я пакажу табе, як пiсаць гэтыя значкi.
- Добра, пакажыце. Гэта будзе цiкавая гульня.
Ёй нават у галаву не прыйшло, што ён можа навучыцца чытаць. Да таго самага моманту, калi ён прачытаў ёй уголас кнiгу, яна не хацела верыць у гэта. Праз некалькi тыдняў яна раптам асэнсавала ўсю велiзарную важнасць гэтай надзеi, i яна была агаломшана. Седзячы ў яе на каленях, Цiмi чытаў ёй уголас дзiцячую кнiгу, не прапускаючы нi слова. Ён чытаў!
Узрушаная, яна паднялася з крэсла i сказала:
- Я хутка вярнуся, Цiмi. Мне неабходна пабачыць доктара Хоскiнса.
Яе ахапiла на мяжы ўтрапёнасцi ўзбуджанасць. Ёй здалося, што цяпер ёй удасца, нарэшце, знайсцi сродак зрабiць Цiмi ў нейкай меры шчаслiвым. Калi Цiмi нельга ўвайсцi ў сучаснае жыццё, то само гэтае жыццё павiнна ўвайсцi ў яго трохпакаёвую турму, адлюстраванае ў кнiгах, фiльмах i гуках.
Яму неабходна даць адукацыю, скарыстаўшы ўсе яго прыродныя здольнасцi. Гэтым чалавецтва магло б хоць неяк кампенсаваць тое зло, якое яно яму прычынiла.
* * *
I Хоскiнс быў у настроi, дзiўна падобным на яе настрой. Уся яго iстота выпраменьвала непрыкрытую радасць i трыумф. У праўленнi кампанii панавала незвычайнае ажыўленне, i мiс Фэлоўз, калi яна разгублена спынiлася ў прыёмнай, нават падумала, што ёй не ўдасца сёння пагаварыць з Хоскiнсам.
Але ён заўважыў яе, i яго шырокi твар расплыўся ўсмешкай.
- Хадземце сюды, мiс Фэлоўз, - паклiкаў ён.
Ён хуценька дагаварыў штосьцi па iнтэркому i выключыў яго.
- Вы ўжо чулi? Ну, вядома, вы яшчэ нiчога не можаце ведаць. Мы ўсё-такi дабiлiся свайго! Мы цяпер можам фiксаваць аб'екты з нядаўняга мiнулага.
- Вы хочаце сказаць, што цяпер вы можаце перанесцi ў наш час чалавека, якi жыў ужо ў гiстарычную эпоху? - спыталася мiс Фэлоўз.
- Вы абсалютна правiльна мяне зразумелi. Толькi што мы зафiксавалi аднаго iндывiдуума, якi жыў у чатырнаццатым веку. Вы толькi ўявiце сабе ўсю важнасць гэтае падзеi! Каб вы толькi ведалi, як я буду рады пазбавiцца, нарэшце, ад гэтай канцэнтрацыi ўсiх сiл на мезазойскай эры, якой, здавалася ўжо мне, не будзе канца, якое задавальненне атрымаю я ад замены палеантолагаў гiсторыкамi... Вы, здаецца, штосьцi хацелi паведамiць мне? Ну, давайце выкладвайце, што ў вас там? Кажыце ж. Вы засталi мяне ў добрым настроi i можаце атрымаць усё, што пажадаеце.
- Я вельмi рада, - мiс Фэлоўз усмiхнулася. - Мяне якраз цiкавiць адно пытанне: цi не маглi б вы распрацаваць сiстэму адукацыi Цiмi?
- Адукацыi? Якой яшчэ адукацыi?
- Ну, агульнай адукацыi. Я маю на ўвазе школу. Трэба даць яму мажлiвасць вучыцца.
- Але цi можа ён вучыцца?
- Безумоўна, ён ужо вучыцца.
Ёй падалося, што настрой у Хоскiнса раптам рэзка пагоршаў.
- Я нават не ведаю, што вам на гэта i адказаць, мiс Фэлоўз.
- Але ж вы толькi што паабяцалi, што выканаеце любую маю просьбу...
- Я гэта помню. На жаль, у дадзеным выпадку я зрабiў гэта неабдумана. Я думаю, што вы добра разумееце, мiс Фэлоўз, што мы не можам працягваць эксперымент з Цiмi да бясконцасцi.
Ахопленая раптоўным жахам, яна глянула яму ў вочы, яшчэ не ўсвядомiўшы да канца сэнсу сказаных толькi што слоў. Што ён меў на ўвазе пад гэтым "не можам працягваць"? Яе раптам нiбы азарыла - яна ўспомнiла прафесара Адэмеўскага i мiнерал, адасланы назад пасля двух тыдняў яго знаходжання ў Стасiсе...
- Але цяпер гаворка iдзе пра хлопчыка, а не пра абломак каменя...
Хоскiнсу вiдавочна было не па сабе.
- У выпадках, падобных на гэты, нават дзiцяцi не трэба надаваць занадта вялiкай увагi. Цяпер, калi мы спадзяёмся раздабыць людзей, што жылi ў гiстарычную эпоху, нам спатрэбяцца ўсе памяшканнi Стасiса.
Яна ўсё яшчэ нiчога не разумела.
- Але вы не зробiце гэтага. Цiмi... Цiмi...
- Ну, ну. Не прымайце ўсё так блiзка да сэрца, мiс Фэлоўз. Магчыма, Цiмi прабудзе тут яшчэ некалькi месяцаў, i за гэты час мы пастараемся зрабiць яму ўсё, што ў нашых магчымасцях.
Яна ўсё так жа моўчкi глядзела на яго.
- Цi хочаце вы чаго-небудзь выпiць, мiс Фэлоўз?
- Не, - прашаптала яна. - Мне нiчога не трэба.
Ледзь усведамляючы, што робiць, яна з цяжкасцю паднялася на ногi i нiбы ў кашмары выйшла з пакоя.
"Ты не памрэш, Цiмi, - думала яна. - Ты не памрэш".
* * *
З таго часу яе неадступна мучыла думка пра неабходнасць неяк ухiлiць Цiмi ад гiбелi. Але думаць гэта адно, i зусiм другое - ажыццявiць задуманае. Спачатку мiс Фэлоўз упарта трымалася за надзею, што спроба перанесцi каго-небудзь з ХIV стагоддзя ў наш час закончыцца поўнай няўдачай. Хоскiнс мог дапусцiць памылку, з пункту гледжання тэорыi эксперыменту, маглi таксама выявiць пралiкi ў метадзе яго ажыццяўлення. I тады ўсё засталося б па-старому.
Астатняя частка чалавецтва спадзявалася, вядома, на супрацьлеглы зыход, i мiс Фэлоўз насуперак розуму ўзненавiдзела за гэта ўвесь свет. Ажыятаж, якi ўзняўся вакол "Праекта Сярэднявечча", дасягнуў найвялiкшага напалу. Друк i грамадскасць згаладалiся па чым-небудзь надзвычайным. Акцыянерная кампанiя "Стасiс Iнкарпарэйтэд" даўно ўжо не давала такой сенсацыi. Нейкi там новы камень альбо выкапнёвая рыба ўжо нiкога не хвалявалi. А гэта было якраз тое, што трэба.
Чалавек, якi жыў ужо ў гiстарычную эпоху, дарослы iндывiд, якi гаворыць i на цяпер зразумелай мове, той, хто дапаможа вучоным узнавiць невядомую дасюль старонку гiсторыi.
Той вырашальны час наблiжаўся, i на гэты раз ужо не толькi трое на балконе павiнны стаць сведкамi такое важнае падзеi. Цяпер увесь свет ператвараўся ў велiзарную аўдыторыю, а тэхнiчнаму персаналу Стасiса наканавана сыграць сваю ролю на вачах усяго чалавецтва.
Сярод пачуццяў, што бушавалi ў душы ў мiс Фэлоўз, не было толькi аднаго яна не паддалася ўсеагульнаму псiхозу радаснага чакання.
Калi Джэры прыйшоў, як звычайна, гуляць з Цiмi, яна ледзь пазнала яго. Сакратарка, якая прывяла яго, кiўнула ёй дзеля прылiку галавой i пабегла. Яна спяшалася заняць добрае месца, адкуль ёй удасца сачыць за ўвасабленнем у жыццё "Праекта Сярэднявечча". Мiс Фэлоўз з горыччу падумала: калi б дурненькае дзяўчо прыйшло ў пару, яна таксама ўжо была б там, прытым у яе была больш важкая, чым простая цiкаўнасць, прычына прысутнiчаць пры доследзе.
- Мiс Фэлоўз, - збянтэжана сказаў Джэры, няўпэўнена, бачком наблiжаючыся да яе i дастаючы з кiшэнi нейкi абрывак газеты.