Калi ён да яе дакранаўся, здавалася, што яна ўздрыгвала i дранцвела. Калi ён яе абдымаў, яму здавалася, што ён абдымае драўляную ляльку. I калi яна тулiла яго да сябе, у яго ўзнiкала дзiўнае пачуццё, быццам адначасова яна з усяе моцы адпiхвае яго ад сябе. Уражанне гэтае ўзнiкала з-за напружанасцi яе мускулаў. Звычайна яна ляжала, заплюшчыўшы вочы, не супрацiўлялася i не дапамагала, а толькi падпарадкоўвалася. Спачатку Ўiнстану было надзвычай няёмка, а з цягам часу зрабiлася агiдна. Але i тады ён здолеў бы вытрымаць супольнае з ёй жыццё, калi б толькi яны дамовiлiся, што будуць жыць кожнае само па сабе. Але, надзiва, якраз Кэтрын была супраць. Яна казала, што яны мусяць, калi гэта магчыма, нарадзiць дзiця. Такiм чынам, палавы акт адбываўся рэгулярна раз на тыдзень, выключаючы выпадкi, калi ён быў немагчымы. Звычайна ўжо ранiцай адпаведнага дня яна нагадвала яму пра гэта, як пра нешта, што павiнна абавязкова адбыцца ўвечары i пра што нельга забыцца. Дзеля гэтага ў яе было два азначэннi: "зрабiць дзiця" i "выканаць наш партыйны абавязак". Неўзабаве ў Ўiнстана развiлося пачуццё сапраўднага страху, калi наблiжаўся прызначаны дзень. Але, на шчасце, дзiця так i не з'явiлася на свет, i ўрэшце яна адмовiлася ад спробаў. Неўзабаве пасля гэтага яны рассталiся.
Ўiнстан цiха ўздыхнуў. Пасля зноў узяў пяро i напiсаў далей у дзённiку:
Яна кiнулася ў ложак i адразу, без нiякага папярэджання, самым брыдкiм i агiдным чынам, якi толькi можна сабе ўявiць, задрала спаднiцу. Я...
Ён уявiў сабе, як ён стаiць у цьмяным святле лямпы, ноздры раздзiрае пах клапоў i таннай парфумы, а душу поўнiць пачуццё прыгнечанасцi i абурэння, i нават у гэты момант яго мучыць думка пра белае цела Кэтрын, якое гiпнатычная сiла Партыi ператварыла ў лёд. Чаму так павiнна быць заўсёды? Чаму ён не мог мець сваёй жанчыны замест гэтай бруднай валтузнi раз на некалькi гадоў? Але сапраўднае каханне было амаль неверагодным. Жанчыны з Партыi былi ўсе аднолькавыя. Устрыманне было iм прышчэплена гэтаксама глыбока, як i вернасць Партыi. Праз стараннае ранняе выхаванне, праз спартовыя гульнi i халодную ваду, праз усю тую бязглуздзiцу, што ўбiвалася iм у галовы ў школе, у Шпiёнах i ў Саюзе Моладзi, праз лекцыi, парады, песнi, партыйныя лозунгi i вайсковую музыку - праз усё гэта натуральныя пачуццi былi выкаранены. Розум казаў яму, што мусiлi быць выключэннi, але сэрца не верыла ў гэта. Жанчыны, як i хацела Партыя, былi абсалютна непахiсныя. Яму вельмi хацелася, нават больш, чым быць каханым, знесцi гэтыя муры цноты, хай сабе хоць адзiн раз у жыццi. Акт палавога злiцця, выкананы з радасцю, быў паўстаннем. Палавое жаданне было думзлачынствам. Нават калi б ён абудзiў Кэтрын - калi б толькi гэта ў яго магло атрымацца, - гэта лiчылася б спакушэннем, хоць яна i была яго жонкай.
Але трэба было скончыць тую гiсторыю. Ён напiсаў:
Я запалiў лямпу ярчэй. Калi я ўбачыў яе на святле...
Пасля прыцемкаў слабое святло парафiнавай лямпы здалося яму вельмi яркiм. Упершыню ён мог як след разгледзець жанчыну. Ён зрабiў крок да яе i спынiўся, поўны жадання i жаху. Ён пакутлiва ўсведамляў небяспеку, якую ён на сябе навёў, прыйшоўшы сюды. Было цалкам магчыма, што, калi ён будзе выходзiць, яго схопiць патруль; можа, у гэты момант яны ўжо чакалi пад дзвярыма. Калi б ён зараз пайшоў адсюль, нават не зрабiўшы таго, дзеля чаго прыйшоў!..
Трэба было дапiсаць да канца, трэба было выспаведацца. Пад поўным святлом лямпы ён раптам заўважыў, што жанчына старая. Слой пудры на твары быў такi густы, што, здавалася, мог адвалiцца, як маска з кардону. У яе валасах былi сiвыя пасмы. Але самае жахлiвае было тое, што яе разяўлены рот быў агiднай чорнай адтулiнай - у яе зусiм не было зубоў. Ён паспешлiва запiсаў крывымi лiтарамi:
Пры святле яна выглядала зусiм старой жанчынай, як найменей пяцiдзесяцi гадоў. Але я не спынiўся i ўсё роўна зрабiў тое, дзеля чаго прыйшоў.
Ён зноў нацiснуў пальцамi на павекi. Урэшце ён дапiсаў. Але ўсё было дарма, лекi не дапамаглi. Яму яшчэ мацней, чым перад тым, хацелася на ўвесь голас крычаць брудныя словы.
7
Калi яшчэ i ёсць надзея, напiсаў Ўiнстон, дык толькi сярод пролаў.
Калi была надзея, дык яна мусiла быць сярод пролаў, бо толькi там, у гэтай вялiкай шэрай грамадзе, што складала 85 адсоткаў насельнiцтва Акiянii, магла калiсьцi нарадзiцца сiла, якая б разбiла Партыю. Знутры было немагчыма разбурыць Партыю. Яе ворагi, калi яны ўвогуле iснавалi, не мелi нiякай магчымасцi сабрацца разам цi нават пазнаць адзiн аднаго. Нават калi б легендарнае Братэрства i сапраўды iснавала, было ўсё ж неверагодна, каб яго сябры маглi калiсьцi сабрацца болей чым удвох або ўтрох. Адзiн толькi позiрк у вочы, трымценне ў голасе ўжо былi бунтам, а пагатоў выпадкова прашаптанае слова. Але пролам, калi б толькi яны ўсвядомiлi сваю сiлу, не спатрэбiлася б нават змова. Iм трэба было толькi ўстаць i абтрэсцiся, як конь, што адганяе мух. Калi б яны захацелi, яны б ужо заўтра маглi разбiць Партыю на кавалкi. Далiбог, такая думка мусiць раней цi пазней прыйсцi iм у галаву! I ўсё ж!..
Ён згадаў, як аднойчы iшоў адной люднай вулiцай i пачуў з блiжняга завулка магутны крык тысяч галасоў - жаночых галасоў. Гэта быў жахлiвы крык гневу i роспачы, глыбокае гучнае "О-о-о-о!", што адбiвалася рэхам, як магутны звон. Яго сэрца замерла. "Пачалося! - падумаў ён. - Народнае паўстанне! Нарэшце пролы абуджаюцца!" Калi ён дайшоў да месца, дык убачыў вялiкi натоўп - дзвесце цi трыста жанчын, якiя з трагiчнымi тварамi, як у пасажыраў карабля, што iдзе на акiянскае дно, збiлiся вакол латкоў вулiчнага кiрмашу. Але ў гэты момант агульная роспач рассыпалася на мноства дробных сварак. Выявiлася, што ў адным латку прадавалiся бляшаныя рондалi. Мiзэрныя, убогiя рэчы, але любы посуд было вельмi цяжка дастаць. Цяпер жа запас вычарпаўся. Жанчыны, якiм пашчасцiла ўхапiць адну штуку, спрабавалi прабiцца праз натоўп, тым часам як дзесяткi iншых вакол латка крычалi i вiнавацiлi прадавальнiцу, што яна выбiрае, каму прадаваць, i сцвярджалi, што ў яе яшчэ недзе ў сховах засталiся рондалi. Пачуўся новы выбух галасоў. Дзве азызлыя жанчыны, адна з iх з раскудлачанымi валасамi, учапiлiся ў адзiн рондаль i спрабавалi вырваць яго адна ў адной з рук. Яны торгалi кожная сабе, пакуль не адламалася ручка. Ўiнстан з агiдай назiраў за iмi. I ўсё ж якая жахлiвая сiла чулася ў гэтым крыку, што вырваўся на нейкi момант з пары соцень глотак! Чаму яны нiколi не крычаць з-за нечага сапраўды важнага?
Ён запiсаў:
Пакуль яны не зробяцца свядомымi, яны нiколi не паўстануць, а пакуль яны не паўстануць, яны не змогуць зрабiцца свядомымi.
Фраза амаль як з партыйнага падручнiка, падумаў ён. Натуральна, Партыя сцвярджала, што яна вызвалiла пролаў з рабства. Да Рэвалюцыi капiталiсты няшчадна iх прыгняталi. Мучылi iх голадам i лупцавалi лазою, жанчыны мусiлi працаваць у вугальных шахтах (праўду кажучы, жанчыны i дагэтуль працавалi ў вугальных шахтах), дзецi з шасцi гадоў прадавалiся на фабрыкi. Але адначасна, у поўнай згодзе з прынцыпамi двухдумства, Партыя вучыла, што пролы ад прыроды - нiжэйшыя стварэннi, з якiмi трэба абыходзiцца як з жывёлаю, стасуючы да iх некалькi простых правiл. У сапраўднасцi ж пра пролаў вельмi мала было вядома. А шмат i не трэба было ведаць. Пакуль яны працавалi i пладзiлiся, усе iншыя iхныя жыццёвыя праявы былi неiстотныя. Кiнутыя на волю лёсу, як жывёла, што пасвiцца на лугах Аргенцiны, яны вярнулiся да натуральнага для iх жыццёвага ладу, перанятага ад продкаў. Яны нараджалiся, вырасталi ў сцёкавых канавах, у дванаццаць гадоў iшлi працаваць, перажывалi кароткую пару фiзiчнай прыгажосцi i пачуццёвых жаданняў, у дваццаць жанiлiся, у трыццаць старэлi i ў большасцi выпадкаў памiралi да шасцiдзесяцi гадоў. Цяжкая фiзiчная праца, клопаты пра дом i дзяцей, дробязныя сваркi з суседзямi, кiно, футбол, пiва i асаблiва азартныя гульнi - вось што запаўняла абсяг iх думкi. Трымаць iх пад кантролем было няцяжка. Пару агентаў Палiцыi Думак увесь час былi сярод iх, каб распускаць фальшывыя чуткi, а таксама вышукваць i лiквiдоўваць тых, хто здаваўся iм небяспечным. Аднак не рабiлася нiякiх спроб прышчапiць пролам партыйную iдэалогiю. Было непажадана, каб яны мелi выразныя палiтычныя пачуццi. Ад iх патрабаваўся толькi прымiтыўны патрыятызм, да якога можна заклiкаць пры патрэбе, каб змусiць iх пагадзiцца з падаўжэннем працоўнага дня або скарачэннем нормаў прадуктаў. I нават калi яны былi нечым незадаволеныя, iх незадаволенасць нiкуды не вяла, бо, не маючы кiраўнiчае iдэi, яны засяроджвалi яе на паасобных нязначных праблемах. Больш важныя справы непазбежна заставалiся па-за iх увагай. Пераважная большасць пролаў не мела ў кватэры нават тэлегляда. Нават звычайная палiцыя вельмi рэдка ўмешвалася ў iх жыццё. У Лондане iснавала шырокая сетка злачыннасцi, цэлы свой сусвет зладзеяў, рабаўнiкоў, прастытутак, гандляроў наркотыкамi. Але ўсё гэта адбывалася выключна сярод пролаў i таму не мела нiякага значэння. Ва ўсiх пытаннях маралi iм дазвалялася жыць паводле iх старых традыцый. Iм не навязваўся маральны пурытанiзм Партыi. Чужаложства не каралася, развод быў дазволены. Была б нават дазволена рэлiгiя, калi б пролы выказалi ў ёй хоць якую патрэбу або пажаданне. Яны былi па-за падазрэннем. Гэта знаходзiла свой выраз у партыйным лозунгу: "Пролы i жывёлы - свабодныя".