My-library.info
Все категории

Василь Быков - Круты бераг ракi (на белорусском языке)

На электронном книжном портале my-library.info можно читать бесплатно книги онлайн без регистрации, в том числе Василь Быков - Круты бераг ракi (на белорусском языке). Жанр: Русская классическая проза издательство неизвестно, год 2004. В онлайн доступе вы получите полную версию книги с кратким содержанием для ознакомления, сможете читать аннотацию к книге (предисловие), увидеть рецензии тех, кто произведение уже прочитал и их экспертное мнение о прочитанном.
Кроме того, в библиотеке онлайн my-library.info вы найдете много новинок, которые заслуживают вашего внимания.

Название:
Круты бераг ракi (на белорусском языке)
Издательство:
неизвестно
ISBN:
нет данных
Год:
неизвестен
Дата добавления:
28 декабрь 2018
Количество просмотров:
383
Читать онлайн
Василь Быков - Круты бераг ракi (на белорусском языке)

Василь Быков - Круты бераг ракi (на белорусском языке) краткое содержание

Василь Быков - Круты бераг ракi (на белорусском языке) - описание и краткое содержание, автор Василь Быков, читайте бесплатно онлайн на сайте электронной библиотеки My-Library.Info

Круты бераг ракi (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно

Круты бераг ракi (на белорусском языке) - читать книгу онлайн бесплатно, автор Василь Быков
Назад 1 2 Вперед

Быков Василь

Круты бераг ракi (на белорусском языке)

Васiль Быкаў

Круты бераг ракi

Звычайна ён прыходзiў сюды на заходзе сонца, калi мiналася спёка i ля ракi на яе крутых, зарослых хмызняком берагах пачынала цягнуць прахалодай. Надвячоркам амаль сцiхаў вецер, знiкала дакучлiвая рабiзна на вадзе, наставаў час начное рыбалкi. Прыезджыя з горада рыбакi таропка растыкалi па камянiстых водмелях кароценькiя вудзiльнi донак i тут жа, кiнуўшы на траву якую адзежыну, рыхтавалiся скаратаць на ёй нядоўгую лiпнёвую ноч.

Пятровiч выходзiў з травянiстага ляснога раўка ад недалёкай прырэчнай вёскi i адзiнока садзiўся на краi камянiстага, амаль навiслага над вадой абрыву. Яго тут многiя ведалi i зводдаль жартоўна гукалi, задаючы пустыя, неабавязковыя для адказу пытаннi. Заняты сабой, ён болей маўчаў, не дужа ахвотна iшоў да людзей, вiдавочна, шануючы адзiноту на сваiм улюбёным, нязручным для рыбалкi, заваленым камянямi абрыве. З гэтага абрыву адкрываўся, аднак, шырокi пагляд на ўвесь, ужо ахiнуты вечаровым прыцемкам, бераг, плаўную паваротку ракi з парожыстым перакатам пасярэдзiне i высокай аркай чыгуначнага моста воддаль, на пакаты схiл таго берага, якi нанач густа цямнеўся хвойнiкам.

Яшчэ праз нядоўгi час з-за бетонных апор моста на прыцiхлы рачны прастор iмклiва вылятала "казанка". Расцягваючы ва ўсю шырыню ракi даўжэзны шлейф кармавой хвалi, яна спрытна мiнала перакат i, памалу збаўляючы газ, кiравала да берага. Яшчэ здалёку было вiдаць, што ў лодцы сядзела двое - Юра Бартош, хлопец з суседняй вёскi, якi працаваў у горадзе i наязджаў у тутэйшыя мясцiны палавiць рыбу, i яго гарадскi прыяцель Каламiец, з якiм яны ўдвух купiлi гэтую срабрыстую "казанку" з новым дваццацiпяцiсiльным маторам.

Як i заўжды, у той вечар за рулём сядзеў Каламiец, крутаплечы чалавек з шырокiмi даланямi рук i цяжкаватым позiркам з-пад доўгага цэлулоiднага казырка насунутай на лоб фуражкi. Паволi збаўляючы абароты вiнта, ён упэўнена наблiжаўся да берага, на якiм ужо згледзеў адзiнокую постаць Пятровiча.

- Ану падхапi! - крыкнуў ён, спынiўшы матор, i яго басавiты голас над цiхай ракой прагучаў дабрадушнай камандай.

- Навошта! - нязгодна прыўстаў за ветравым шклом Юра. - Я сам.

Ён спрытна перакiнуў цераз верх шкла сваё загарэлае, доўгае, надта худое цела, легка саскочыў на водмель, i яны разам з Пятровiчам усцягнулi мiж камянёў на бераг дзюралевы нос лодкi. Затым, пакуль Каламiец адкiдваў i зачахляў матор, Юра ў закасаным да каленяў сiнiм трыко выгружаў з лодкi рукзакi, донкi, падкормку, а стары, як незнаёмы, стаяў убаку i пiльна глядзеў цераз раку на той яе бераг, быццам убачыў там штось дужа важнае. Ён засяроджана, амаль маркотна маўчаў, i яны, занятыя сваей справай, не звярталi на яго ўвагi.

Калi несамавiтыя рыбацкiя прылады былi выгружаны на бераг, Каламiец адразу ж, пакуль не зусiм змерклася, заняўся сваiмi донкамi, а Юра, скалануўшыся ад рачной свежасцi, пачаў таропка нацягваць на плечы сiнi спартыўны свiтэр.

- А як у нас з палiвам сёння, Пятровiч?

Стары не адразу адарваў ад таго берага засяроджаны позiрк сваiх выцвiлых, слязлiвых вачэй i вузлаватымi пальцамi вялiкiх спрацаваных рук перабраў роўны рад гузiкаў на зашмальцаваным вайсковым кiцелi. - Трошкi назбiраў. Але мала.

Юра па камянях узбег на абрыў, дзе ляжаў невялiкi, перавязаны старой вяроўчынай абярэмак ламачча.

- Э, малавата.

- Я так думаю, што звечара можна i не палiць, - марудна, са старэчым намаганнем ускараскаўшыся на абрыў, цiха загаварыў Пятровiч. - Пад ранак лепей. На золку. Звечара людзi ўсюды, калi што - памогуць. А як пад ранак паснуць, хто паможа?..

Цяжка валюхаючы ў кiрзавых ботах, ён адышоўся на тры крокi ад абрыву i сеў. З расстаўленых каленяў звесiў свае пакручастыя, быццам каранi, рукi. Пакутлiвы позiрк яго хутка абмiнуў раку i звыкла спынiўся на тым яе беразе з лодкамi.

- Яно можна i пад ранак, - згадзiўся Юра. - Але i ноччу не шкодзiла б. Можа, я падскачу, таксама чаго пашукаю ў рове?

- Ноччу б, ведама, лепш... А то як пазнаюць? Раней дык вунь хутар быў. А цяпер няма. I гэты мост новы... Незнаёмы.

- Вось iменна.

- Маленькае хаця б вогнiшча. Абы тлела - будзе вiдаць.

- Павiнна вiдаць. Дык я збегаю, пакуль не сцямнела! - крыкнуў Юра з абрыву, i Каламiец унiзе, якi начапляў прынаду, незадаволена павярнуў галаву.

- Ды кiнь ты з гэтымi вогнiшчамi! Пакуль не сцямнела, давай лепш пазакiдаем! А то агонь - патрэба такая! Вунь кухвайка ёсць.

- Ладна, я зараз! - кiнуў Юра i спрытна палез па камянях да прыцьмелага ў раўку алешнiку.

Стары моўчкi прыцiх на абрыве, i яго аброслы шызаю шчэццю твар набыў выраз даўняй звыклай задумлiвасцi. Ён доўга напружана маўчаў, машынальна перабiраў пальцамi зашмальцаваныя краi кiцеля з чырвоным кантом па краi; слязлiвыя вочы яго праз пагусцелыя прыцемкi ўпарта глядзелi ў зарэчча. Каламiец унiзе размахаў канцом вуды i спрытна закiнуў яе ў маслянiстую гладзь вады. Блiснула капронавая нiтка, i грузiла з цiхiм пляскам нырнула ў раку, лёска струнка напялася.

- Ты во што, дзед, - рэзкiм голасам сказаў ён пад абрывам. - Гэта самае... Кiнь дурня строiць, камедзiю iграць. Нiхто ўжо адтуль не прыйдзе. Паняў?

Пятровiч на абрыве лёгенька схамянуўся, нiбы ад сцюжы, пальцы яго на грудзях знерухомелi, i ўся яго худая, кастлявая пад кiцелем постаць жаласна сцялася. Але позiрк яго па-ранейшаму быў скiраваны да зарэчнага берага, на гэтым, здавалася, ён не заўважаў нiчога i быццам бы нават i не ўчуў няласкавых слоў Каламiйца.

- Яны ўсе цябе, дурня, за нос водзяць, паддакваюць. А ты i верыш. Прыйдуць! Хто прыйдзе, калi ўжо вайна вунь калi скончылася? Падумай сваей башкой!

На рацэ прыкметна цямнела, шэрая постаць Каламiйца невыразна варушылася ля самай вады. Болей ён нiчога не сказаў старому i ўсё корпаўся з прынадай i вудамi, а Пятровiч, нейкi час пасядзеўшы моўчкi, загаварыў з застарэлым болем у голасе:

- Дык гэта малодшы, Толiк... Вачамi захварэў. Як змеркнецца, нiчога не бачыць. Старшы, той бачыў добра. А калi са старшым што?

- Што са старшым, тое ж i з младшым! - груба абарваў яго Каламiец. Вайна, яна нi з кiм не лiчылася. Ды яшчэ ў блакаду.

- Ну, - проста пагадзiўся стары, - акурат блакада была. Толiк з вачамi тыдзень дома пабыў, аж прыбягае Цiмка. Кажа: абклалi з усiх бакоў, сiлы мала. Ну i пайшлi. Малодшаму шаснаццаць было. Астацца прасiў - нi ў якую. Як немцы ўбяруцца, сказалi, каб агонь расклаў...

- Ось галава! - здзiвiўся Каламiец i нават прыўстаў ад сваiх донак. Сказалi раскласцi! Калi гэта было? - Ды на пятроўку. Акурат на пятроўку, ага...

- На пятроўку! А колькi таму гадоў мiнулася, ты кумекаеш?

- Гадоў?

Стары, падобна было, з нейкай натугай здзiвiўся i, здаецца, упершыню за вечар адарваў свой пакутлiвы позiрк ад ледзьве прыкметнай у прыцемках лясной лiнii берага.

- Ага, гадоў? Гэта ж дваццаць пяць год мiнула, галава яловая.

Грымаса глыбокага болю зморшчыла старэчы твар чалавека, вусны яго зусiм па-дзiцячы крыўдлiва скрывiлiся, вочы хуценька зацепалi, i погляд разам патух. Вiдаць, толькi цяпер да азмрочанай яго свядомасцi пачаў марудна даходзiць увесь страшны сэнс яго шматгадовай памылкi.

- Дык гэта... Дык гэта як жа?..

Напяўшыся ўвесь у якiмсь намаганнi, ён, мабыць, хацеў i не мог выказаць нейкую важную сваю думку, i ад гэтага непасiльнага напружання позiрк яго стаў нерухомы, страцiў усякi сэнс i зышоў з таго берага.

- Я табе кажу: кiнь гэтыя забаўкi, - корпаючыся ля вудаў, пераконваў унiзе Каламiец. - Рабят не дажджэшся. Амба абодвум. Ужо дзе-небудзь i костачкi згнiлi. Ось так!

Стары маўчаў, як глухi. Заняты сваей справай, змоўк i Каламiец. Змрок блiзкае ночы хутка паглынаў бераг, хмызняк; з прырэчных равоў папаўзлi шэрыя космы туману, лёгкiя дымчастыя струменi яго пацягнулiся над цiхiм плёсам. Хутка цямнеючы, рака губляла свой дзённы бляск, змрочны той бераг шырока перакулiўся ў яе глыбiню i залiў рачную паверхню гладкай блiшчастай цемрай. Землечарпалка перастала грукатаць, зрабiлася зусiм глуха i цiха, i ў гэтай цiшынi тоненька i нясмела, як з невядомае далёкай далечы, дзынкнуў маленькi званочак донкi. Захлябаўшы па камянях падэшвамi гумовых ботаў, Каламiец кiнуўся да крайняй на беразе вуды i таропка заматляў рукамi - пачаў даставаць з вады лёску. Ён не бачыў, як Пятровiч на абрыве трудна падняўся, хiснуўся i згорблена, моўчкi падаўся кудысь - прэч з гэтага берага.

Напэўна, у цемры стары недзе размiнуўся з Юркам, каторы неўзабаве паявiўся на абрыве, кiнуў пад ногi траскотнае бярэма галля - вялiкае бярэма побач з маленькай вязанкай Пятровiча.

- А дзе дзед?

- Глядзi, якога ўзяў! - пачуўшы сябра, бадзёра загаварыў пад абрывам Каламiец. - Колбiк што трэба! Паўкiла пацягне.

- А дзе Пятровiч? - адчуўшы нядобрае, паўтарыў сваё пытанне Юра.

- Пятровiч? А хто яго... Пайшоў, мабыць. Я сказаў яму...

- Як? - аслупянеў на абрыве Юра. - Што ты сказаў?

- Усё сказаў. А то водзяць за нос. Падтакваюць...

- Што ты нарабiў? Ты ж прыкончыў яго!

- Ды ўжо ж - прыкончыў. Жывы будзе!

- От жа калун! От жа тумак! Я ж табе казаў! Яго ж тут бераглi ўсе! Ашчаджалi. А ты?..

Назад 1 2 Вперед

Василь Быков читать все книги автора по порядку

Василь Быков - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки My-Library.Info.


Круты бераг ракi (на белорусском языке) отзывы

Отзывы читателей о книге Круты бераг ракi (на белорусском языке), автор: Василь Быков. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.

Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*
Подтвердите что вы не робот:*
Все материалы на сайте размещаются его пользователями.
Администратор сайта не несёт ответственности за действия пользователей сайта..
Вы можете направить вашу жалобу на почту librarybook.ru@gmail.com или заполнить форму обратной связи.