- Добра ўсюды мець сваiх людзей.
- Як там наш аўтааматар?
Яны не ведалi таго, што ведала яна.
- Перадай, мы чакаем яго на завод, у брыгаду. Пра размову, якая была, няхай забудзе. Нiчога не было. Абавязкова перадай.
А гэтага не ведала яна. Але зразумела, пра што яны кажуць.
- Вы хацелi выгнаць яго з брыгады? Завошта?
Яна ўбачыла, як сумеўся Тарас, быццам адчуваў нейкую вiну. Увогуле ён быў маўклiвы, непрыкметны сярод сяброў, больш, чым хто другi, засмучаны. Маша пашкадавала яго. А пасля - сябе. Адчула смутак, нiбы ёй трэба было развiтацца з нечым вельмi дарагiм i паехаць у невядомае.
40
Яраш i Маша разам выйшлi з бальнiцы. Скончыўся рабочы дзень, даволi напружаны - былi аперацыi, якiя заўсёды стамлялi. Славiк адчуваў сябе добра, нават мацi нарэшце даверыла яго дзяжурным сёстрам i санiтаркам.
Да аўтобуснай супынкi iшлi моўчкi. Свяцiла марознае сонца, якое, здавалася, прамянiла не цяпло, а холад. Снег пад нагамi ў прахожых звiнеў на сотнi ладоў.
Маша расчырванелася, узбадзёрылася. Ёй зрабiлася весела. Яна сказала:
- Сёння я буду страчаць Новы год. Ох i пагуляю! Як там мая Зося? Учора я забягала на гадзiнку, дык яна нейкая кiслая была. Засумавала.
Антон Кузьмiч зразумеў яе словы як запрашэнне разам сустрэць Новы год i нiчога не адказаў. Ён абяцаў ранiцай Вiцю i Наташы пайсцi з iмi на лыжах за горад. Але пад вечар памацнеў мароз. Наўрад цi варта ў такi мароз выводзiць дзяцей у поле. Мацi, напэўна, будзе супраць.
У апошнiя днi нечакана Галiна Адамаўна прыкметна змянiлася. Атмасфера ў доме ачышчалася. Знiкала напружанасць. Праўда, жонка iшла на прымiрэнне асцярожна, паступова. Раней ён заўсёды стараўся любымi сродкамi прымiрыцца як можна хутчэй. Цяпер жа нiчым не паспяшаў падзей, але нiчым i не запавольваў iх. Няхай усё iдзе сваёй чаргой. Можа, так нават лепей у iх гадах: менш гарачых прызнанняў у любвi - менш будзе трагедый, рэўнасцi i сварак. Ён проста змарыўся ад усяго гэтага. Колькi энергii i нерваў прыходзiцца трацiць на глупства? Калi гэта людзi стануць такiмi, каб разумелi адзiн аднаго ва ўсiм, у палiтыцы, навуцы, мастацтве, у сям'i, побыце? А можа, i не трэба такое iдэальнае ўзаемаразуменне? Сумна будзе. Барацьба супрацьлегласцей - закон жыцця i руху. Любоў i нянавiсць, любоў i рэўнасць, цяпло i холад...
Многа i другiх думак роiлася ў галаве, пакуль Антон Кузьмiч, ужо адзiн, iшоў ад аўтобуса да свайго дома па цiхай вулiцы, дзе снег не ачышчаўся з пачатку зiмы.
Жонка сустрэла з большай прыветлiвасцю, чым праводзiла ранiцай.
- Вось добра, што ты так рана сёння. А я як ведала, у мяне ўжо гатовы абед.
Яшчэ адзiн крок. Ну што ж, так лепей: спакой для яго працы ў клiнiцы i дома, над дысертацыяй, - самае дарагое. Трэба i яму зрабiць нейкi крок насустрач.
Ён распрануўся i, памыўшы ў ваннай рукi, заглянуў на кухню, весела i смешна пацягнуў носам паветра.
- Адгадаць?
Гэта яго даўнi жартаўлiвы занятак - па пахах адгадаць, што гатуецца на абед. Жонка шчаслiва засмяялася:
- Не адгадаеш.
I раптам тэлефонны званок. Ён рушыў у калiдор, дзе стаяў тэлефон, узяў слухаўку.
Пачуўся яго ўстрывожаны голас:
- Што здарылася? Што з ёй? Кiньце жарты! Не да жартаў? Добра. Еду.
Галiна Адамаўна з няяснай трывогай у душы, з бояззю выйшла з кухнi. Муж спешлiва апрануў палiто. Яна спытала асцярожна:
- У аддзяленнi што-небудзь?
- Не. Званiла Маша. Просiць зараз жа прыехаць. Вiдаць, нешта з Савiч. - Ён зашпiльваў гузiкi, рукi яго дрыжалi.
"Як ён хвалюецца", - пабляднела Галiна i памкнулася да яго.
- Можна, я з табой?
- Навошта? - спытаў ён з суровым здзiўленнем. Яна адступiла, сцялася, быццам Антон Кузьмiч замахнуўся на яе.
Дзверы за iм са стукам зачынiлiся, калыхнуўшы паветра. А яна працягвала стаяць як анямелая.
Ён вярнуўся неспадзявана для яе хутка, можа, праз гадзiну, якая, аднак, з'явiлася бадай што самай пакутлiвай у яе жыццi.
Галiна пачула яго цяжкiя крокi на лесвiцы. Вельмi цяжкiя. Так ён iдзе, калi бывае страшэнна змораны. Гэта яе спалохала яшчэ больш, яна чакала яго там жа, у калiдоры, быццам i не саступала з месца. Ён не пазванiў. Ён адчыняў дзверы сваiм ключом, адчыняў доўга, шкрабаючы, быццам не мог прасунуць ключ у шчылiну. Яна не кiнулася, каб адчынiць хутчэй. Ёй страшна было зрушыць з месца.
Антон увайшоў нарэшце, глянуў на жонку i пачаў павольна распранацца. Зняў сваю баярку. Паклаў яе акуратна на палiчку вешалкi. Паволi расшпiлiў гузiкi, раскручваў чырвоны шалiк. I ўсё гэта моўчкi. Галiна баялася спытаць: што там? Што здарылася? Зразумець, здагадацца яна не магла. Каб Савiч было кепска, ён не вярнуўся б так хутка, пакуль бы завёз у клiнiку, уладзiў, памог... Каб памерла, не так ён паводзiў бы сябе, не, не так. Ён неяк дзiўна, сапраўды зморана заспакоены.
Распрануўся, заглянуў у люстра, правёў далонямi па твары, прыгладзiў валасы. Пайшоў у пакой. Праходзячы мiма, ударыў пальцам па клавiшы пiянiна, бас глуха загудзеў. Пастаяў каля акна. Павярнуўся, убачыў, што Галiна стаiць на парозе i глядзiць на яго, спалоханая, з нямым запытаннем, i адразу стаў звычайным, толькi ўсмiхнуўся так, быццам за нешта неўзлюбiў у першую чаргу самога сябе. Ён сказаў проста, спакойна, без злосцi, без эфектаў:
- Ты можаш радавацца. Твая дурная рэўнаць выгнала чалавека ў свет... Хворага. Пасля такой аперацыi!..
- Каго?
- Каго! Соф'ю Савiч.
- Я выгнала?! Куды?
- Каб я ведаў куды. У тым i бяда, што не ведае нi Маша, нiхто... Пакуль мы ратавалi маладога Шыковiча, яна з'ехала. Куды? У яе нiкога няма з блiзкiх. На дварэ - вунь якая лютая зiма...
"Проста так, без прычыны, не знiкаюць", - хацела была жорстка кiнуць Галiна Адамаўна, бо ў яе ўзнiкла падазронасць: цi не хiтрасць гэта? Але яна стрымалася. Занадта ўжо незвычайным - нiколi такiм не быў! - здаваўся муж. Спытала прыцiшаным голасам, мякка, асцярожна:
- Адкуль табе вядома, што яна з'ехала з-за маёй рэўнасцi?
Антон Кузьмiч моўчкi дастаў з кiшэнi пiнжака сiнi канверт, палажыў на стол.
Спакой здрадзiў жанчыне: яна амаль скочыла да стала, схапiла таямнiчы канверт, дрыжачымi рукамi выхапiла з яго, як з агню, пiсьмо. Спачатку акiнула ўвесь тэкст адным лiхаманкавым позiркам, потым, забыўшыся, што муж сочыць за ёй, прачытала скорагаворкай напаўголасу:
"Антон Кузьмiч! Як мне звярнуцца да Вас? Дарагi мой таварыш, дарагi чалавек, друг i брат! Вы вярнулi мне жыццё. Якое дзякуй трэба сказаць за адно гэта! Але Вы вярнулi не толькi жыццё. Вы вярнулi мне веру ў людзей, у iх дабрату. У мяне няма слоў, каб выказаць усё тое, што я адчуваю да Вас. Ды i не варта гэта рабiць. Я магла б сказаць, што люблю Вас, а гэта не ўсе могуць зразумець правiльна. Дзякуй Вам за ўсё, за ўсё - вось словы, што выходзяць з глыбiнi майго сэрца, якое Вы трымалi на далонi. Дзякуй Вам, дарагi Антон Кузьмiч!
Нядаўна я даведалася, што з-за мяне ў Вас непрыемнасцi ў сям'i. Божа мой! Каб з-за мяне Вы перажывалi, трацiлi спакой i цвёрдасць рукi, якая ратуе людзей. Ды лепш я памру! Не, не бойцеся. Я не памру. Цяпер я не памру. Цяпер мне вельмi хочацца жыць, калi я паверыла, убачыла, што навокал многа добрых, сардэчных людзей i свет такi прыгожы. Не турбуйцеся. Не шукайце мяне. Я буду далёка. Можа, пазней я прышлю вестачку. Супакойце Машу. Каб Вы ведалi, як мне цяжка пакiдаць усiх вас.
Перадайце прывет Кiрылу Васiльевiчу...
Дзякуй яму за тое, што ён зрабiў для мяне i асаблiва для памяцi бацькi майго.
Бывайце, добры чалавек. Дазвольце ў думках абняць i пацалаваць Вас.
С.Савiч".
Галiна Адамаўна глытала словы. Яна задыхалася. Спачатку захлынулася шчасцем. Потым у сэрца ўдарыла хваля ўдзячнасцi жанчыне, якую, дарэчы, так i не пабачыла. Цяпер яна разумела Зосю i... палюбiла ў адзiн мiг, як сястру. Безумоўна, тая кахала яе мужа i адчувала, што гэта можа прывесцi да няшчасця... А яна сама зведала няшчасце на поўную меру, таму i зрабiла так высакародна. Але, гэта высакароднасць! Сапраўдная. Без фальшу, без позы. Самаахвярная. Так магла зрабiць толькi жанчына, якая кахае гэтак жа моцна, як i яна, Галiна Адамаўна. Але цяпер у яе няма нi рэўнасцi, нi злосцi. Цяпер яна ўдзячна той, другой, i па-жаночы шкадуе яе.
"Сапраўды, куды яна магла паехаць у такi час?" -Галiна Адамаўна глянула на акно, на шыбах якога мароз выткаў дзiвосныя ўзоры. Адчула холад. Яна не ўбачыла, як Антон сеў каля стала. Пачула яго словы:
- Сорам! Якi сорам! - Ён цёр далоняй свой лоб.
Цяпер Галiна Адамаўна i мужа цудоўна разумела i таксама пашкадавала. Падышла нячутна, цiха палажыла рукi на дужыя плечы. Памаўчала. Ён таксама нiбы стаiўся, нiбы чакаў, што ж будзе далей.
- Табе цяжка?
- Мне сорамна.
- Ты кахаў яе?
Ён перасмыкнуў плячамi, нiбы хацеў скiнуць яе рукi.
- Зноў ты са сваiм глупствам. Ды зразумей ты нарэшце, што гэта недарэчна... - Словы такiя, што iх трэба было крычаць, а ён казаў цiха, стомленым абыякавым голасам. У яго бракавала сiлы абурыцца. Ды i навошта?
Яна прыцiснулася шчакой да яго галавы, удыхнула знаёмы родны пах валасоў, i твар яе заззяў ад шчасця.
- Каб ты ведаў, як я люблю цябе, ты не называў бы гэтага глупствам, ты разумеў бы...
- Я ведаю, як ты любiш мяне. Але пара ўжо, каб твая любоў рабiлася разумная.