Раздзел трэцi
Вайна - гэта мiр
Падзел свету на тры вялiкiя звышдзяржавы быў падзеяй, якую можна было прадбачыць i якая фактычна была прадказаная да сярэдзiны дваццатага стагоддзя. З далучэннем Эўропы да Расеi i Брытанскай iмперыi да Злучаных Штатаў дзве з трох сучасных вялiкiх дзяржаў - Эўразiя i Акiянiя - па сутнасцi, склалiся. Трэцяя - Усходазiя - вызначылася як выразная адзiнка толькi пасля бязладных баёў наступнага дзесяцiгоддзя. Гранiцы памiж трыма звышдзяржавамi ў некаторых месцах адвольныя, у iншых яны мяняюцца залежна ад ваенных поспехаў, але ў цэлым яны адпавядаюць геаграфiчным абрысам. Эўразiя ахоплiвае ўсю паўночную частку эўрапейскага i азiяцкага кантынентаў, ад Партугалii да Берынгавага пралiва. Акiянiя ўключае ў сябе абедзве Амерыкi, выспы Атлантыкi разам з Брытанскiмi выспамi, Аўстралазiю i Паўднёвую Афрыку. Усходазiя, меншая за дзве папярэднiя, з менш выразнай заходняй гранiцай, уключае Кiтай з паўднёвымi прылегласцямi, Японскiя выспы i вялiкую, але зменлiвую частку Манчжурыi, Манголii i Тыбету.
Згрупаваныя памiж сабою тым або iншым чынам, гэтыя тры звышдзяржавы на працягу дваццацi пяцi гадоў бесперапынна знаходзяцца ў стане вайны. Аднак вайна болей не з'яўляецца адчайнай барацьбой, скiраванай на знiшчэнне супрацiўнiка, як гэта было ў першыя дзесяцiгоддзi дваццатага стагоддзя. Гэта ўзброеная барацьба з абмежаванымi мэтамi памiж супрацiўнiкамi, якiя не могуць знiшчыць адзiн аднаго, у якiх няма для вайны нiякiх матэрыяльных прычын i якiх не падзяляюць нiякiя iстотныя iдэалагiчныя супярэчнасцi. Гэта, аднак, не значыць, што метады вядзення вайны або агульнае стаўленне да яе сталiся менш крывавыя i больш рыцарскiя. Наадварот, ваенная iстэрыя лютуе няспынна i паўсюдна ва ўсiх краiнах, а гвалт, рабункi, забойства дзяцей, заняволенне цэлых народаў, катаванне палонных, якое даходзiць да таго, што iх вараць i хаваюць жыўцом - усё гэта лiчыцца нармальным. Гэтыя злачынствы, учыненыя сваiмi салдатамi, а не ворагам, лiчацца значнымi заслугамi. Але з матэрыяльнага боку ў вайне занята вельмi мала людзей, пераважна гэта высокаквалiфiкаваныя спецыялiсты, i яна прыносiць параўнаўча мала ахвяр. Барацьба, калi яна ёсць, iдзе недзе на няпэўных гранiцах, аб праляганнi якiх звычайны чалавек можа толькi здагадвацца, або вакол Плывучых Крэпасцяў, якiя ахоўваюць стратэгiчныя пункты на марскiх шляхах. У цэнтрах цывiлiзацыi вайна выяўляецца найперш праз няспынную нястачу прадуктаў спажывання i перыядычнае скiданне ракетных бомбаў, кожная з якiх можа забiць некалькi дзесяткаў чалавек. Змянiўся, па сутнасцi, сам характар вайны. Дакладней кажучы, змянiўся iерархiчны парадак прычын, якiя выклiкаюць вайну. Матывы, што ўжо iснавалi, хоць i ў меншай меры, пад час вялiкiх войнаў пачатку дваццатага стагоддзя, сталiся цяпер асноўнымi i адкрыта прызнанымi.
Каб зразумець сутнасць цяперашняй вайны - бо нягледзячы на частыя перагрупаваннi супрацiўнiкаў гэта заўсёды тая самая вайна, - трэба найперш уявiць сабе, што яна не можа мець вырашальнага характару. Нiводная з трох звышдзяржаў не можа быць канчаткова зваяваная, нават дзвюма астатнiмi разам. Занадта роўна падзелены сiлы, занадта магутныя iх натуральныя сродкi абароны. Эўразiя надзейна абаронена сваiмi тэрытарыяльнамi абшарамi, Акiянiя вялiкасцю Атлантычнага i Цiхага акiянаў, Усходазiя - пладавiтасцю i працавiтасцю сваiх жыхароў. Па-другое, з матэрыяльнага пункту гледжання болей няма за што ваяваць. З усталяваннем самадастатковых эканамiчных сiстэм, пры якiх вытворчасць i спажыванне цесна счэплены мiж сабою, барацьба за рынкi збыту, адна з асноўных прычын колiшнiх войнаў, сталася непатрэбная. Разам з тым змаганне за сыравiну перастала быць пытаннем жыцця i смерцi. Ва ўсялякiм разе, кожная з трох звышдзяржаў дастаткова вялiкая, каб здабыць у сваiх межах амаль усе патрэбныя матэрыялы. Калi толькi вайна i мае нейкiя непасрэдныя эканамiчныя мэты, дык гэта вайна за рэсурсы працоўнае сiлы. Памiж гранiцамi трох звышдзяржаў ляжыць тэрыторыя, якою нiводная з iх не валодае пастаянна. Гэта чатырохкутнiк з вяршынямi ў Танжэры, Бразавiлi, Дарвiне i Ганконгу, у якiм жыве прыблiзна пятая частка насельнiцтва Зямлi. Якраз за валоданне гэтымi густанаселенымi раёнамi, а таксама за паўночны полюс, i iдзе няспынная барацьба памiж трыма звышдзяржавамi. Практычна, нiводная з iх нiколi не валодае ўсёй гэтай спрэчнай тэрыторыяй. Асобныя часткi яе пераходзяць з рук у рукi, i жаданне завалодаць тым або iншым рэгiёнам праз раптоўную здраду свайму саюзнiку i прыводзiць да бясконцых перагрупаванняў.
Усе спрэчныя тэрыторыi маюць каштоўныя мiнеральныя багаццi, i некаторыя з iх вырабляюць важныя раслiнныя прадукты, напрыклад, каўчук, сiнтэз якога ў краiнах з халаднейшым клiматам абыходзiцца параўнаўча дорага. Але перадусiм яны змяшчаюць у сабе невычэрпныя запасы таннай працоўнай сiлы. Дзяржава, якая пануе над Экватарыяльнай Афрыкай, або краiнамi Сярэдняга Ўсходу, або Паўднёвай Iндыяй, або Iнданэзiяй, мае праз гэта ў сваiм распараджэннi сотнi мiльёнаў кулi, якiя за сваю знясiльную працу атрымлiваюць вельмi мала. Насельнiкi гэтых краiн, больш цi менш адкрыта даведзеныя да стану рабоў, пераходзяць увесь час ад аднаго заваёўнiка да другога. Iх выкарыстоўваюць гэтаксама, як вугаль або нафту, у барацьбе за павелiчэнне вытворчасцi зброi, за пашырэнне заваяваных тэрыторый, за павышэнне колькасцi працоўнае сiлы, каб тая вырабляла больш зброi, спрыяла заваяванню тэрыторый i гэтак да бясконцасцi. Трэба адзначыць, што барацьба нiколi не пераходзiць межаў спрэчных тэрыторый. Гранiцы Эўразii перасоўваюцца то ў адзiн бок, то ў другi памiж ракою Конга i паўночным берагам Мiжземнага мора. Выспы Iндыйскага i Цiхага акiянаў увесь час заваёўваюцца Акiянiяй або Ўсходазiяй. У Манголii лiнiя, што аддзяляе Эўразiю ад Усходазii, нiколi не бывае стабiльная. Усе тры дзяржавы аспрэчваюць разлеглыя тэрыторыi вакол Полюса, якiя фактычна не населеныя i не даследаваныя. Але раўнавага сiл заўсёды прыблiзна тая самая, а тэрыторыя, што складае аснову кожнай звышдзяржавы, застаецца заўсёды нязменная. Да таго ж праца зняволеных народаў, што жывуць вакол Экватара, сусветнай эканомiцы, па праўдзе кажучы, непатрэбная. Яна нiчога не дадае да сусветнага багацця, бо ўсё вырабленае выкарыстоўваецца на ваенныя патрэбы. Вайна заўсёды вядзецца дзеля таго, каб лепей узброiцца да наступнай вайны. Сваёй працай заняволеныя масы спрыяюць павышэнню iнтэнсiўнасцi перманентнай вайны. Але калi б iх i не iснавала, структура сусветнага грамадства i прынцыпы, паводле якiх яно падтрымлiвае сваё iснаванне, наўрад цi былi б iстотна адрознымi.
Галоўная мэта сучаснае вайны (згодна з прынцыпамi двухдумства, кiраўнiчыя галовы Ўнутранай Партыi адначасова прызнавалi i не прызнавалi гэтую мэту) палягае ў тым, каб поўнасцю спажываць прадукты прамысловай вытворчасцi, не павышаючы пры гэтым агульнага ўзроўню жыцця. Пачынаючы з канца дзевятнаццатага стагоддзя праблема выкарыстання лiшкаў прадуктаў спажывання iснавала ў прыхаваным выглядзе ў iндустрыяльным грамадстве. Цяпер жа, калi вялiкая колькасць людзей не забяспечана дастатковым харчаваннем, праблема гэтая, вiдавочна, не стаiць так востра, дый, вiдаць, не стане, нават калi не прыбягаць да штучных сродкаў знiшчэння. Сённяшнi свет - больш убогi, галодны i заняпалы, чым свет, якi iснаваў да 1914 года, а калi параўнаць яго з той фантастычнай будучыняй, аб якой марылi людзi ў тыя часы, дык адрозненне будзе яшчэ страшнейшае. На пачатку дваццатага стагоддзя карцiна будучага грамадства, неверагодна багатага, раскошнага, упарадкаванага i высокапрадукцыйнага блiскучага здаровага свету са шкла, сталi i снежна-белага бетону - жыла ў свядомасцi амаль кожнага адукаванага чалавека. Навука i тэхнiка развiвалiся так хутка, што дух займала, i было натуральна меркаваць, што гэтае развiццё будзе працягвацца i далей. Аднак гэтага не адбылося, часткова праз збядненне, спрычыненае доўгай чарадою войнаў i рэвалюцый, часткова з-за таго, што навукова-тэхнiчны прагрэс залежаў ад эмпiрычнага ладу мыслення, а лад гэты не мог захавацца ва ўмовах сцiсла рэгламентаванага грамадства. Агулам беручы, сённяшнi свет больш прымiтыўны, чым пяцьдзесят гадоў таму. Некаторыя адсталыя рэгiёны дасягнулi прагрэсу, былi ўдасканалены некаторыя прыборы, звязаныя з вайною або палiцэйскiм наглядам, але навуковыя даследаваннi i адкрыццi паступова спынiлiся. Да таго ж страты, спрычыненыя атамнай вайною 50-х гадоў, нiколi не былi цалкам кампенсаваныя. I ўсё ж небяспека, што хавалася ў машынах, усё яшчэ iснавала. Калi з'явiлася першая машына, усiм здольным да развагi людзям сталася вiдавочным, што неабходнасць у цяжкай чалавечай працы, а значыць, у пэўнай меры, i ў чалавечай няроўнасцi, знiкла. Калi б машыны свядома выкарыстоўвалi з гэтаю мэтай, дык голад, знясiльную працу, бруд, непiсьменнасць i хваробы можна было б выкаранiць на працягу некалькiх пакаленняў. I сапраўды, нават калi яны яшчэ не выкарыстоўвалiся з гэтаю мэтай, машыны - вырабляючы столькi прадукту, што яго часам немагчыма было размеркаваць - ўзнялi ўзровень жыцця людзей за нейкiя пяцьдзесят гадоў у канцы ХIХ i на пачатку ХХ стагоддзя.