На гэты раз праскочыць непрыкметна не ўдалося: у прахадной затрымала калгаснiца з трохгадовым сынам. Хлопчыку пры нараджэннi няўмелая акушэрка вывiхнула ножкi. Яраш тут жа на лавачцы ў скверыку паглядзеў малога.
- О, цераз паўгода будзе танцаваць!
Маладая мацi залiлася слязамi ад шчасця.
- Я напiшу вам запiску, каб Мiшу паклалi ў маё аддзяленне. Ах, шкада, што я адпусцiў машыну!
- Ой, доктар, што вы! Я данясу.
- Далёка. Горача.
- Хiба нам прывыкаць! Абы выпрасталi яго ножкi. Сыночак, родненькi, скажы дзякуй.
Хлопчык смела i вельмi сур'ёзна, як дарослы, сказаў:
- Дзякуй, дзядзя.
- О, ты, брат, герой!
- Ён усё пытае: мама, цi буду i я бегаць, як Лёнька? Старэйшы наш. Будзеш, сыначка, будзеш бегаць!
Яраш напiсаў запiску.
I тут з'явiлася яна, Тамара Аляксандраўна. Падплыла па чорнай асфальтавай дарожцы, быццам статуя, уся
асляпляльна белая: белыя басаножкi, белы халат, белыя валасы, твар нiбы вымыты малаком, толькi бровы ды вейкi крыху падчорнены ды нафарбаваны губы. Яна невысокая, сярэдне для сваiх год распаўнелая, пышнагрудая - па-свойму прыгожая. Многiм мужчынам яна падабалася. Гаецкая ведала гэта, i тым больш яе прыводзiла ў шаленства поўная няўвага таго, хто даўно падабаўся ёй.
- Прафесар Яраш, што за прыватная кансультацыя? У маёй клiнiцы?
Калгаснiца спалохалася белай доктаркi.
- Сынок мой, доктарка. Ножкi ў яго... А тут сястра з нашай вёскi... Прыязджай, кажа, мы папросiм доктара...
Яраш, нiчога не адказаўшы, пачаў тлумачыць жанчыне, як праехаць у iх бальнiцу.
- Палажыце яго ў нас, - кiўнула на малога Тамара Аляксандраўна.
- Дзякую, - адказаў Яраш. - Я хачу даць цiкавую аперацыю нашаму артапеду. Я сам буду асiсцiраваць яму...
Гаецкая пры хворых заўсёды казала яму "прафесар" i рабiла гэта без iронii. Для простых людзей доктар - любы лекар, а Яраш - кандыдат навук, славуты хiрург, трэба ж неяк адрознiць яго ад звычайных лекараў. Ды i самой ёй было прыемна называць яго прафесарам, узвысiць над другiмi лекарамi.
- А ты добрая сёння, - з iронiяй сказаў Яраш Тамары Аляксандраўне, калi калгаснiца, сто разоў падзякаваўшы, пайшла.
- Я заўсёды добрая. - Яна расплылася ва ўсмешцы.
Ярашу здалося, што гэтая цукровая жанчына вось-вось растане пад яркiмi праменнямi чэрвеньскага сонца.
- Для сябе. Ты заўсёды добрая для сябе. А ведаеш, як называецца такая дабрыня?
Яна перасмыкнула падфарбаванымi вуснамi, але змаўчала. Ведала: калi пачаць пiкiравацца, ён нагаворыць непрыемнасцей. Ласкава прапанавала:
- Зайдзi да мяне, Антон. Я напаю цябе вадой. Толькi што прынеслi сiфон. I сiроп ёсць.
Ён пазбягаў заходзiць у яе кабiнет, але яму хацелася пiць, i ён ведаў, што для сябе гэтая жанчына ўмела стварыць камфорт.
Яна пасадзiла яго ў мяккае крэсла каля пiсьмовага стала; крэсла было глыбокае, зручнае, а льняны чахол вiльготны i халаднаваты. Сама пайшла за цыратавую зялёную занавеску, што адгароджвала ўмывальнiк, i вярнулася з запацелым сiфонам, бутэлькай сiропу i шклянкамi.
Яраш памацаў сiфон i свiснуў. Падняўся, заглянуў за занавеску, засмяяўся:
- Быў я ў мiнiстра, у прэзiдэнта акадэмii. Усё бачыў, але халадзiльнiк у кабiнеце... Ты генiй, Тамара!
- Ён часова ў мяне, у лабараторыi рамонт.
Яна налiла ў шклянкi вады, пасля сiропу, памяшала лыжачкай, працягнула адну шклянку Ярашу. Блакiтныя вочы яе зрабiлiся вiшнёвымi, калi пачала пiць. Адпiвала маленькiмi глыткамi i не зводзiла позiрку з госця.
Яраш не сеў, адышоў да акна i прагна выпiў халодную смачную ваду. Яна налiла яшчэ.
- Даўно я з табой не выпiвала. Вып'ем хоць вады. Запрасiў бы на дачу. Кажуць, жывеш, як на небе.
- У госцi запрашаюць сяброў сям'i.
- А хiба я не сябра твой? Лепшага ў цябе няма.
Непрыкметна яна апынулася зусiм блiзка ад яго.
- Не прытварайся, Тамара, мы не маленькiя. Ты добра ведаеш, як цябе "любiць" Галiна. А мне спакой жонкi даражэй за ўсё.
- Яна робiцца мяшчанкай, твая Галiна. - Дзiўна мяняўся колер яе вачэй у залежнасцi ад настрою, як у кошкi, у той мiг яны сыпанулi нейкiя шэрыя iскры.
- Чорт яго ведае, цяжка сказаць, у чым яно праяўляецца ў наш час, мяшчанства.
Яна падплыла так блiзка, што Яраш, здавалася, адчуў гарачыню яе паружавелага твару i ўбачыў, што вочы яе сталi маслянiстыя. Ён адступiў у кут памiж сталом i сцяной. Яна горача дыхала яму ў твар.
- Чаму ты пазбягаеш мяне? Я люблю цябе.
- Я гэта чуў, Тамара. Многа разоў. Пусцi.
- Люблю i жадаю... Пацалуй мяне. Адзiн раз. Шкада табе?
Жанчына трацiла ўсякую прыстойнасць.
Нiколi яшчэ пры ўсёй сваёй нахабнасцi ёй не ўдавалася паставiць Яраша ў такое недарэчнае становiшча. Загнаны ў кут, прыцiснуты да сцяны, ён не ведаў, што рабiць, як вызвалiцца. Пiхнуць яе? Паслаць да д'ябла? I раптам... дзве дэталi кiнулiся ў вочы: занавескi, што закрывалi толькi нiжнюю палавiну акна, i тое, што яна, мабыць, забыўшыся, усё яшчэ трымае шклянку з вадой у руцэ. Яраш нечакана падхапiў яе пад пахi, рыўком падняў высока ўгору i... паставiў на пiсьмовы стол. Няхай хто-небудзь з персаналу ўбачыць праз акно свайго галоўнага лекара на стале са шклянкай, напоўненай невядомай вiшнёвай вадкасцю!
Тамара Аляксандраўна ўсяго чакала ад гэтага чалавека - абразлiвых слоў, пагрозы, нават штуршка... Але такога ўчынку не чакала. Разгубiлася. На нейкi мiг белай статуяй застыла на стале.
Яраш паспеў адысцi да дзвярэй i ўзяць капялюш. Нарэшце яна саскочыла на падлогу, гопнула, аж забрынчалi шыбы. Засмяялася:
- А ты робiшся жартаўнiком. Прагрэс!
Твар яе гарэў. Але ўсё адно яна пайшла следам за iм. У калiдоры ён пачуў ззаду стук яе абцасаў i ўзлаваўся. Разбэшчаная баба! Як можна такому чалавеку даручыць кiраваць бальнiцай? Ён не выйшаў адразу на двор, а знарок пайшоў у тэрапеўтычнае аддзяленне. У доўгiм паўцёмным калiдоры на ложках ляжалi хворыя. У той бальнiцы, дзе Яраш загадваў аддзяленнем, такой з'явы даўно ўжо не было: хворыя ў калiдорах не ляжалi, усё навокал ззяла чысцiнёй. Таму выгляд гэтай бальнiцы яго заўсёды раздражняў, аб непарадках тут пiсаў ён у сваёй запiсцы выканкому гарсавета. Але ў злосцi, у гневе ён быў такi ж нястрыманы, як Гаецкая ў страсцi. Не зважаючы на хворых, на персанал, ён загрымеў на ўвесь корпус:
- Калi тут нарэшце будзе падобна на бальнiцу? Што гэта такое?
Тамара Аляксандраўна дагнала яго, сцiснула локаць:
- Антон!
- Клiнiка! Памыйная яма, а не клiнiка! - не сцiхаў ён.
Тады i яна загаварыла ўголас, хiтра адводзячы ўдар:
- Нам не даюць столькi грошай, колькi вам, прафесар. Пахадайнiчайце за нас. Вы старшыня камiсii гарсавета.
- На халадзiльнiк у цябе знайшлiся грошы!
Але калiдор скончыўся, i яны выйшлi на двор. Пад яркiм сонцам, дзе навокал усё ззяла i зелянела, гнеў Яраша растаў. Ён глянуў на сваю спакуснiцу i ўбачыў, што яна, зажмурыўшыся ад сонца, усмiхаецца па-ранейшаму ласкава, закахана.
"Чортава баба! З яе што з гуся вада. Чым жа цябе дапячы?"
I раптам успомнiў... Сказаў спакойна, з усмешкай, быццам мiж iншым, мiрна iдучы побач з ёй па асфальтавай дарожцы:
- У рэдакцыю прыйшло пiсьмо... Мне Шыковiч расказаў. Распiсваюць добрыя людзi, як ты выкарыстоўваеш санiтарную машыну. На Ўкраiну - па вiшнi, з ранiцы - на рынак, увечары - у лес. А лекары неадкладнай ходзяць пехатой. Я кажу яму: калi пра Гаецкую, то можна пiсаць без праверкi. Усё правiльна, ручаюся галавой. Цяпер я падкiну яму факт з халадзiльнiкам... Сенсацыйны фельетон будзе!
Яна спынiлася. Ён па iнерцыi зрабiў крокi два i павярнуўся. Яна застыла ў дзiўна нязграбнай позе, нахiлiўшыся набок, бо трапiла адной нагой у канаўку для сцёку вады. Твар яе, што хвiлiну назад палаў, пабялеў, ноздры непрыгожа раздулiся.
Яраш адчуў, што ў iм загучала вясёлая лёгкая музыка. Нарэшце ён знайшоў, чым дапячы ёй. Яна адказала пагрозлiва, холадна - нiколi яшчэ не гаварыла з iм такiм тонам:
- З'явiцца фельетон, я табе да смерцi не дарую. - I, не развiтаўшыся, павярнулася i пайшла назад.
Ярашу раптам захацелася гарэзлiва, па-хлапечы свiснуць ёй услед.
Майзiс, маленькi, кучаравы, у вялiкiх чорных акулярах, сустрэўшы яго на ганку аддзялення, сказаў:
- У вас сёння, калега, добры настрой.
- А хiба вы бачылi калi-небудзь мяне ў дрэнным настроi?
- Не. Але часам чалавек бывае залiшне задумлiвы. Ён уважлiвы ў працы, але не бачыць хараства вакол сябе.
Яраш засмяяўся:
- Майзiс, ведаеце што? Прыязджайце да мяне на дачу. Я пакажу вам такое хараство, якого вы, гараджанiн, зроду не бачылi.
Але, пракансультаваўшы колькi хворых, Яраш зноў адчуў сябе стомленым. З iм рэдка гэта здаралася.
- Вiдаць, зноў будзе навальнiца. Хочацца спаць, - сказаў ён Майзiсу, пазяхнуўшы, калi яны пераходзiлi з палаты ў палату. - Апошнi?
- У мяне апошнi. Ды вельмi прасiла хворая з тэрапii, каб вы паглядзелi яе. Асабiста вас просiць, Антон Кузьмiч. Па-мойму, цiкавы выпадак. Мiтральны стэноз. Згодна аперыравацца.
Яраш паглядзеў на гадзiннiк, уздыхнуў:
- Ах, Майзiс, Майзiс, карыстаецеся вы маёй слабасцю.
- Што зробiш, Антон Кузьмiч. Такая наша прафесiя.
- Але, брат, прафесiя наша цяжкая. Нiчога не скажаш.