Астраном паведамiў тады пра сваё адкрыццё на Мiжнародным астранамiчным кангрэсе. Але нiхто яму не паверыў. А ўсё з-за таго, што астраном быў апрануты па-турэцку. Такi ўжо народ гэтыя дарослыя!
На шчасце, дзеля рэпутацыi астэроiда Б-612, тагачасны турэцкi правiцель загадаў свайму народу пад пагрозай смерцi апранацца на эўрапейскi лад. Той астраном у 1920 годзе зноў паведамiў пра сваё адкрыццё, - цяпер ён быў ужо ў надзвычай элегантным гарнiтуры. I на гэты раз усе паверылi яму.
Калi я расказаў вам усе гэтыя дэталi аб астэроiдзе Б-612, калi я даверлiва паведамiў вам яго нумар, дык гэта толькi з-за дарослых. Дарослыя любяць лiчбы. Калi гаворыш iм пра свайго новага сябра, яны нiколi не пытаюцца пра сутнасць. Яны нiколi не цiкавяцца: "Якi ў яго голас? Якiя гульнi ён любiць? Цi ловiць ён матылёў?" Яны пытаюцца: "Колькi яму год? Колькi ў яго братоў? Колькi ён важыць? Колькi зарабляе яго бацька?" Толькi тады iм здаецца, што яны ўведалi чалавека. Калi скажаш дарослым: "Я бачыў прыгожы дом з ружовай цэглы, з геранню ў вокнах i галубамi на даху...", яны не могуць уявiць сабе гэты дом. Iм трэба сказаць: "Я бачыў дом за сто тысяч франкаў". Тады яны проста ў захапленнi: "Вось гэта хараство!"
Або паспрабуй сказаць iм: "Маленькi прынц iснаваў, i доказам таму - яго незвычайнасць, яго смех, яго жаданне мець баранчыка. А хто хоча баранчыка, той сапраўды iснуе", - дарослыя пацiснуць плячыма i абзавуць вас дзiцём! Але калi сказаць iм: "Маленькi прынц прыляцеў з астэроiда Б-612", - гэта пераканае iх, i яны не будуць болей назаляць вам сваiмi недарэчнымi роспытамi. Такi ўжо народ гэтыя дарослыя. Што з iх возьмеш. Дзецi павiнны быць вельмi паблажлiвымi да дарослых.
А мы - мы разумеем, што такое жыццё, i пасмейваемся з лiчбаў! Я лепей пачаў бы гэтую аповесць, як чароўную казку. Я сказаў бы так:
"Жыў ды быў Маленькi прынц. Ён жыў на планеце, якая была бадай цi большая за хату, i яму вельмi хацелася мець сябра..."
Для тых, хто разумее, што такое жыццё, такi пачатак быў бы куды болей праўдзiвы.
А я ж зусiм не хачу, каб маю кнiжку чыталi проста так, дзеля забаўкi. Сэрца маё сцiскаецца ад успамiну пра майго маленькага сябра. Шэсць гадоў ужо мiнула з таго часу, як ён разам са сваiм баранчыкам пакiнуў мяне. Калi я цяпер спрабую апiсаць яго, дык гэта таму, што не хачу забыць. Гэта вельмi сумна, калi людзi забываюць сяброў. Не кожны чалавек мае сябра. I я баюся стаць падобным на дарослых, якiх цiкавяць адны толькi лiчбы. Вось чаму я купiў сабе скрыначку з фарбамi i алоўкi. Нялёгка ў мае гады зноў брацца за маляванне, калi першай i, на вялiкi жаль, апошняй спробай былi мае малюнкi ўдаваў звонку i знутры - дый то яшчэ ў шасцiгадовым узросце! Канечне, я паспрабую як мага лепш перадаць падабенства. Але я зусiм не ўпэўнены, што змагу зрабiць гэта. Бо вось зраблю адзiн малюнак - ну, здаецца, добра; зраблю другi - i нi кропелькi непадобны. Дый рост трошкi бянтэжыць. Тут Маленькi прынц надта высокi. Тут ён надта маленькi. А да таго ж яшчэ няўпэўненасць у колерах яго свiткi. Вось i спрабуеш маляваць i так i гэтак. Але няхай ужо за гэта прабачаць мяне. Мой сябар нiколi не даваў мне тлумачэнняў. Ён, мусiў, думаў, што я падобны на яго. Але, на няшчасце, я не ўмею бачыць баранчыка ў зачыненай скрынцы. Я, мусiць, трошкi падобны на дарослых. Пэўна, я старэю.
V
Дзень пры днi я ўсё болей даведваўся пра планету Маленькага прынца, пра тое, як ён пакiнуў яе, як вандраваў. Ён расказваў пра гэта патрошку, калi прыходзiла да слова. Так, на трэцi дзень я даведаўся пра трагедыю з баабабамi.
I на гэты раз дапамог баранчык. Маленькi прынц разглядваў малюнак i раптам, нiбы яго апанавала цяжкае сумненне, спытаў:
- А праўда, што баранчыкi ядуць кустоўе?
- Так, праўда.
- Цудоўна!
Я не зразумеў, чаму так важна, што баранчыкi ядуць кустоўе. Але маленькi прынц дадаў:
- Выходзiць, яны i баабабы таксама ядуць?
Я заўважыў Маленькаму прынцу, што баабабы не кустоўе, а вялiзныя, як званiцы, дрэвы, i што нават калi б ён узяў з сабою цэлы статак сланоў, гэты статак не адолеў бы i аднаго-адзiнага баабаба.
Думка пра статак сланоў насмяшыла Маленькага прынца.
- Iх давялося б паставiць адзiн на аднаго...
Але тут жа ён мудра заўважыў:
- I баабабы, перш чым вырастуць, бываюць маленькiя.
- Сапраўды! Але навошта баранчыку есцi маленькiя баабабы?
- А то як жа! - усклiкнуў ён, нiбыта гаворка iшла пра нешта выключна вiдочнае. I мне прыйшлйся напружыць свой розум, каб самастойна зразумець, што тут да чаго.
На планеце Маленькага прынца, як i на ўсiх iншых планетах, растуць, вядома, i добрыя, i кепскiя раслiны. А значыць, ёсць там добрае насенне добрых раслiн i кепскае насенне кепскiх раслiн. Але насенне нябачнае. Яно дрэмле сабе ў глебе, пакуль якая-небудзь насеннiнка раптам не прачнецца. Яна пачне пацягвацца i спачатку нясмела вытыркне да сонца кволенькi безабаронны парастак. Калi гэта парастак радысу цi ружы, можна дазволiць яму расцi колькi зможа. Але калi прарастае кепская раслiна, яе трэба адразу ж вырваць, як толькi распазнаеш. Дык вось, на цланеце Маленькага прынца ёсць страшнае насенне... насенне баабабаў. Глеба планеты проста перапоўнена iм. Ад баабаба ж, калi спахапiцца надта позна, ужо нiколi не збавiшся. Ён запалонiць усю планету. Навылёт прасвiдруе яе сваiм карэннем. I калi планета зусiм невялiчкая, а баабабаў надта многа, то яны проста разарвуць яе на кавалачкi.
- Ёсць такое правiла, - сказаў мне пазней Маленькi прынц. - Устаў наранку, умыўся, прывёў сябе ў парадак - зараз жа прывядзi ў парадак i сваю планету. Трэба штодня выполваць баабабы, як толькi можна адрознiць iх ад ружавых кустоў, якiя яны вельмi нагадваюць напачатку. Гэта даволi надакучлiвая, але няцяжкая работа.
I аднойчы ён параiў мне пастарацца зрабiць прыгожы малюнак, каб i нашы дзецi гэта добра зразумелi.
- Можа, iм надарыцца калi-небудзь падарожнiчаць, - растлумачыў ён, - дык гэта спатрэбiцца. Часам работу можна адкласцi i на потым, бяды вялiкай не будзе. Але калi дасi волю баабабам, то ўжо нiдзе ратунку не знойдзеш. Я ведаў адну планету, на ёй жыў гультай. Ён не выпалаў тры кусцiкi i...
I па словах Маленькага прынца я намаляваў тую планету. Я страшэнна не люблю павучаць людзей. Але небяспека ад баабабаў так мала спазнана, а рызыка таго, хто трапiў бы на астэроiд, такая сур'ёзная, што сёння я адкiдаю сваю стрыманасць i папярэджваю:
- Дзецi! Сцеражыцеся баабабаў!
Толькi каб папярэдзiць сваiх сяброў пра небяспеку, якая даўно падпiльноўвае iх, а яны i не здагадваюцца пра яе, як не здагадваўся раней i я, так шчыраваў я над малюнкам. I не шкадую аб гэтым.
Магчыма, вы запытаецеся:
- А чаму ў кнiзе больш няма такiх сур'ёзных малюнкаў, як гэты, з баабабамi?
Адказ зусiм просты: я спрабаваў, але не здолеў. Калi я маляваў баабабы, мяне натхняла думка, што гэта вельмi важна i надзённа.
VI
Мой Маленькi прынц! З цягам часу я зразумеў, якiм аднастайным i самотным было тваё жыццё. Доўга ў цябе была адна толькi забава: ты любаваўся захадамi сонца. Гэтая новая дэталь дайшла да мяне наранку чацвёртага дня, калi ты сказаў:
- Я так люблю адвячоркi. Хадзем паглядзiм, як заходзiць сонца...
- Дык трэба ж пачакаць...
- Чаго пачакаць?
- Каб сонца пачало заходзiць.
Ты спачатку вельмi здзiвiўся, а потым пасмяяўся з самога сябе.
- Мне ўсё здаецца, што я дома! - прызнаўся ты.
I сапраўды. Калi ў Злучаных Штатах Амерыкi поўдзень, то ў Францыi - хто гэтага не ведае? - сонца заходзiць. Дастаткова было б за адну хвiлiну перанесцiся з Амерыкi ў Францыю, каб пераканацца ў гэтым. Але на тваёй планеце табе даволi было пераставiць на некалькi крокаў уперад сваё крэслiца, i ты мог любавацца адвячоркам столькi, колькi табе хацелася...
- Аднойчы я назiраў, як сонца заходзiла сорак тры разы запар!
Ты трошкi памаўчаў i дадаў:
- Ведаеш... калi вельмi сумна на душы, так хораша глядзець, як заходзiць сонца...
- Значыць, у той дзень, калi ты бачыў сорак тры захады сонца, табе было сумна?
Але Маленькi прынц не адказаў.
VII
На пяты дзень, i зноў-такi дзякуючы баранчыку, я даведаўся пра сакрэт Маленькага прынца. Неяк раптоўна, без усялякай сувязi, бы ў вынiку доўгага маўклiвага абдумвання нейкай праблемы, ён спытаў:
- А калi баранчык есць кустоўе, дык ён i кветкi есць?
- Баранчык есць усё, што трапiцца.
- Нават тыя кветкi, што з калючкамi?
- Ага, нават тыя, што з калючкамi.
- Тады навошта iм калючкi?
Гэтага я не ведаў. I акурат у мой момант намагаўся адкруцiць у маторы адзiн непадатлiвы вiнт. Я быў моцна заклапочаны, бо пашкоджанне пачало здавацца мне сур'ёзным, а вада канчалася, i гэта вымушала мяне думаць пра найгоршае.
- Дык навошта ж тады iм калючкi?
Маленькi прынц нiколi не супакойваўся, пакуль не атрымлiваў адказу на сваё пытанне. Мяне злаваў пракляты вiнт, i я ляпнуў, абы адмахнуцца:
- А нiнавошта! Кветкi проста ад злосцi выпускаюць iх!
- Вось як!
Ён памаўчаў, потым абурана сказаў:
- Не веру я табе! Кветкi кволыя. I наiўныя. Яны падбадзёрваюць сябе, як могуць. Яны думаюць, што калi выпусцяць калючкi, то iх усе пачнуць баяцца...