My-library.info
Все категории

Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)

На электронном книжном портале my-library.info можно читать бесплатно книги онлайн без регистрации, в том числе Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке). Жанр: Проза издательство неизвестно, год 2004. В онлайн доступе вы получите полную версию книги с кратким содержанием для ознакомления, сможете читать аннотацию к книге (предисловие), увидеть рецензии тех, кто произведение уже прочитал и их экспертное мнение о прочитанном.
Кроме того, в библиотеке онлайн my-library.info вы найдете много новинок, которые заслуживают вашего внимания.

Название:
Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)
Издательство:
неизвестно
ISBN:
нет данных
Год:
неизвестен
Дата добавления:
17 октябрь 2019
Количество просмотров:
139
Читать онлайн
Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)

Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) краткое содержание

Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - описание и краткое содержание, автор Генрих Белль, читайте бесплатно онлайн на сайте электронной библиотеки My-Library.Info

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - читать книгу онлайн бесплатно, автор Генрих Белль

- Нешта, пане доктар, вы сёння мне нiчога не расказваеце.

Фэмель падняў галаву, адклаў кiй убок, узяў цыгарэту, запалiў, потым выглянуў на вулiцу, над якой распасцёр свой цень сабор Святога Севярына. Практыканты, грузавiкi, манашкi - вулiчны рух; шэрае восеньскае святло, адбiваючыся ад фiялетавых аксамiтных фiранак, рабiлася амаль срэбраным; прыпозненыя госцi снедалi, аздобленыя велюравымi фiранкамi; пры гэткiм асвятленнi нават яйкi, вараныя ўсмятку, выглядалi як нешта заганнае, а пачцiвыя твары хатнiх гаспадынь, калi на iх падала гэтае святло, здавалiся распуснымi; кельнеры ў фраках з вачыма, поўнымi разумення, былi падобныя да Вельзевулаў, пасланцаў самога Асмадэя; а гэта ж былi звычайныя члены прафсаюзаў, якiя захоплена чыталi пасля працы перадавiцы сваёй прафсаюзнай газеты; тут можна было падумаць, што яны хаваюць свае капыты пад умела сканструяванымi артапедычнымi апаратамi; хiба з iх белых, жоўтых i чырвоных iлбоў не павырасталi зграбныя рожкi? Здавалася, што i цукар у пазалочаных цукроўнiцах - гэта не цукар; пераўтварэннi адбывалiся тут: вiно было ўжо не вiно, хлеб - ужо не хлеб, усё пад уплывам святла рабiлася складнiкам таемных заганаў; тут рабiлася святое дзейства, а iмя божышча не дазвалялася вымаўляць уголас, яго можна было толькi згадваць у думках.

- Што ж табе, хлопча, расказаць?

Яго ўспамiны нiколi не лучылiся са словамi i вобразамi, а толькi з пэўнымi рухамi. Бацька - гэта была яго хада, гарэзлiвая дуга, якую апiсвала яго правая нага, робячы кожны крок, хутка - гэтак, што цёмна-блакiтная стужка, падшытая ўнiзе ў калашыне нагавiцаў, паказвалася на хвiлю, калi ён ранiцой праходзiў каля лаўкi Грэца да Кронэравай кавярнi; мацi - гэта была складаная i пакорлiвая фiгура, якую выпiсвалi яе рукi, калi яна сашчэплiвала iх на грудзях, заўсёды перад тым, як яна вымаўляла якое-небудзь глупства: "Якi благi гэты свет", "як мала ў iм чыстых сэрцаў"; яна ўсё гэта крэслiла рукамi ў паветры, перш чым выказаць у словах, Ота - гэта былi яго ногi, што маршыруюць, калi ён праходзiць у ботах праз сенцы i далей, па вулiцы; "вораг-вораг", - рытмiчна выстуквалi на плiтках тратуара яго ногi, тыя самыя ногi, што яшчэ не так даўно выстуквалi iншы рытм: "брат-брат". Бабуля - рух, якi яна рабiла ўсе семдзесят гадоў i якi цяпер, як ён бачыў шмат разоў штодзень, дакладна паўтарала яго дачка; рух, якому больш як сто гадоў, якi застаўся жыць у пакаленнях i якi кожны раз абуджаў у iм страх; яго дачка Рут нiколi не бачыла сваёй прабабкi, адкуль жа ўзяўся ў яе гэты рух? Нiчога не ведаючы, яна адкiдала валасы рукою з iлба тым самым жэстам, што i яе прабабка.

Фэмель бачыў i сябе самога - як ён нахiляўся па бiту для лапты, шукаючы сваю сярод iншых; як ён круцiў у левай руцэ мячык, пакуль той не ляжа ў далонь так, каб яго можна было дакладна кiнуць туды, куды ён хоча, - так высока, каб час падзення мячыка супаў дакладна з тым часам, што быў яму патрэбны, каб зручна таксама i левай рукой перахапiць бiту i стукнуць па мячыку з усёй сiлы абедзвюх рук - каб мячык ляцеў як найдалей, аж за мету.

Ён бачыў сябе, як ён стаiць на прыбярэжным лузе, у парку, у садзе, нахiляецца, выпроствае, б'е. Усё залежала толькi ад разлiку; iншыя былi дурнi: не ведалi, што час падзення мячыка можна разлiчыць, што з дапамогай таго самага секундамера можна вызначыць, колькi часу трэба, каб зручна перахапiць бiту, i што ўсё астатняе - гэта толькi пытанне каардынацыi i трэнiроўкi; ён штодня па абедзе практыкаваўся рабiць гэта на лузе, у парку, у садзе; iм было невядома, што iснуюць формулы, якiя можна выкарыстаць, вагi, на якiх можна ўзважыць мячыкi. Толькi крыху фiзiкi, крыху матэматыкi i практыкаванняў; але ж яны з пагардаю ставiлiся да абодвух прадметаў, якiя тут былi патрэбныя; яны з пагардаю ставiлiся да трэнiровак, гультаявалi, практыкавалiся з дапамогай сумнiцельных сентэнцый, плавалi ў чоўне па каламутнай вадзе, нават Гёльдэрлiн быў для iх невядома чым; нават такое слова, як "лот", ператваралася ў iх вуснах у нейкую неверагодную лухту: лот - гэта ж зусiм ясна: леска, кавалак волава; яго закiдалi ў ваду, фiксавалi, калi грузiла дакраналася да дна; потым леску выцягвалi i мералi па ёй глыбiню вады; але калi яны казалi "кiнуць лот", гэта гучала як кепская iгра на аргане; яны не ўмелi нi гуляць у лапту, нi чытаць Гёльдэрлiна. Цвёрдае Божае сэрца, нават калi спачувае.

Яны круцiлiся перад самай лiнiяй, хацелi не даць яму як след стукнуць, крычалi: "Ну, Фэмель, давай, бi!"; iншая група неспакойна чакала каля меты, два хлопцы - ужо далёка за пляцоўкаю, там, дзе звычайна падалi пасланыя iм мячыкi, якiх усе баялiся; найчасцей iх знаходзiлi ўжо на вулiцы - там, дзе акурат тады, у тую летнюю суботу 1935 года запененыя гнядыя конi выходзiлi з брамы бровара; далей быў вiдзён чыгуначны насып, а манеўровы паравоз пускаў, нiбы дзiця, белыя аблокi пары ў паўдзённае неба; справа каля моста на верфi шыпелi ацэтыленавыя газарэзкi; рабочыя ў звышурочныя гадзiны нешта зварвалi на параходзе, што будаваўся для "Сiлы праз Радасць"; блакiтнаватыя i срэбныя iскры сыкалi, а кляпальныя малаткi... малаткi выбiвалi такт; у прыватных гародчыках пастаўленыя нядаўна пудзiлы беспаспяхова супрацьстаялi вераб'ям; бледныя тварам пенсiянеры з пагаслымi пiпкамi чакалi i не маглi дачакацца першага чысла наступнага месяца - толькi ўспамiны пра рухi, што Фэмель тады рабiў, выклiкалi ў ягоным уяўленнi тыя вобразы, словы i фарбы: "Ну, Фэмель, давай!" было схаванае за формуламi; i вось мячык ляжаў ужо ў руцэ так, як трэба, пальцы i далонь лёгка прытрымлiвалi яго: мячык павiнен быў сустрэць як найменшае супрацiўленне; бiта была ўжо ў другой руцэ - самая доўгая ў параўнаннi з астатнiмi (нiкога не турбавалi законы рычага); яе верхняя частка была абкручаная лейкапластырам. Хуценька зiрнуць на гадзiннiк: тры хвiлiны i трыццаць секунд да свiстка настаўнiка гiмнастыкi - i ён усё яшчэ не мог адказаць на пытанне - як гэта здарылася, што хлопцы з гiмназii Прынца Ота, не супрацiўляючыся, згадзiлiся, каб iх настаўнiк гiмнастыкi судзiў рашаючую гульню? Настаўнiка звалi Бернгард Вакера, але яны клiкалi яго Бен Вакс, з выгляду ён быў меланхалiчны, трохi тлуставаты, пра яго казалi, нiбыта ён платанiчна кахае хлопцаў; яму вельмi даспадобы былi пiрожныя з крэмам i фiльмы-меладрамы, у якiх дужыя хлопцы-бландзiны пераплывалi рэкi, а потым ляжалi на лузе са сцяблiнкаю ў роце, заглядаючы ў блакiтнае неба i чакаючы прыгодаў; Бен Вакс больш за ўсё любiў копiю галавы Антонiя, што стаяла ў ягоным пакоi сярод фiкусаў i палiц з лiтаратурай пра фiзiчную культуру; ён лашчыў гэтую галаву, удаючы, што абцiрае пыл; Бен Вакс, якi называў сваiх улюбёнцаў мiлымi хлопчыкамi, астатнiх жа - шыбенiкамi.

- Ну, давай ужо, шыбенiк, - сказаў Бен Вакс; ён быў успацелы, у яго трэслася пуза, а ў роце тырчаў свiсток.

Але да свiстка заставалiся яшчэ тры хвiлiны i тры секунды, на трынаццаць секунд раней, чым трэба; калi ён стукне зараз, у наступнага гульца яшчэ будзе магчымасць зрабiць свой удар, а Шрэла, якi чакае свайго вызвалення на меце, будзе павiнен яшчэ раз уцякаць; яны ж змогуць яшчэ раз шпурнуць мячыкам яму ў твар, у ногi альбо па нырках; Фэмель ужо тры разы бачыў, як яны гэта робяць: нехта з каманды працiўнiка трапляў у Шрэлу, пасля мячык забiраў Нэтлiнгер, якi гуляў у адной з iм i Шрэлам камандзе, i кiдаў мячык працiўнiку проста ў рукi, а той шпурляў яго Шрэле проста ў твар, - Бен Вакс жа стаяў побач i свiсцеў, калi траплялi ў Шрэлу, свiсцеў, калi Нэтлiнгер спакойна кiдаў мячык працiўнiку ў рукi, свiсцеў, калi Шрэла, кульгаючы, спрабаваў ухiлiцца; гульня была iмклiвая: мячык лётаў то ў адзiн, то ў другi бок - цi толькi ён адзiн заўважаў гэта? I не заўважаў нiхто з тых шматлiкiх гледачоў у стракатых шапачках i са стракатымi сцяжкамi, што, разгарачаныя ад напружання, чакалi канца гульнi? За дзве хвiлiны i пяцьдзесят секунд да фiнальнага свiстка лiк у гульнi быў 34:29 на карысць гiмназii Прынца Оты - i, можа, у тым, што бачыў хiба што толькi ён адзiн, была прычына, што каманда працiўнiка згадзiлася, каб судзiў гульню Бен Вакс, iхнi настаўнiк гiмнастыкi.

- Ну давай, бi, шыбенiк, праз дзве хвiлiны дам свiсток.

- Даруйце, але - праз дзве i пяцьдзесят секунд, - адказаў Фэмель, а пасля гэтых слоў падкiнуў высока мячык, перахапiў iмгненна бiту i стукнуў; па сiле ўдару, па тым, як спружынiла рукаятка, ён адчуў: гэта будзе зноў адзiн з яго легендарных удараў; ён прыжмурыўся, каб спраўней прасачыць за палётам мячыка, але так i не змог яго згледзець: пачулася глыбокае "а-а-ах!" з натоўпу гледачоў, i гэты воклiч шырыўся, рос, нiбы воблака; ён убачыў, як да яго, кульгаючы, наблiжаецца Шрэла - павольна, на твары жоўтыя плямы, a пад носам крывавы пiсяг; суддзi падлiчвалi: сем, восем, дзевяць; астатнiя гульцы каманды наўмысна-павольна праходзiлi паўз раз'юшанага Бена Вакса; гульня была выйграная, выйграная пераканаўча; Фэмель нават забыўся выбегчы ў поле, каб здабыць яшчэ i дзесятае ачко; "отаўцы" ўсё яшчэ шукалi мячык, поўзаючы на карачках далёка на другiм баку вулiцы ў траве пад мурам бровара; у фiнальным свiстку Бена Вакса выразна чулася яго раздражнёнасць. "38:34 на карысць гiмназii Людвiга!" - абвясцiлi суддзi. Гучнае "а-а-ах!" перарасло ва "ўра!" i бушавала над пляцоўкай; ён жа ўзяў сваю бiту, загнаў рукаяткай у траву, потым перамясцiў рукаятку, надаўшы бiце патрэбны вугал нахiлу, а пасля нацiснуў на яе нагой у тым, слабейшым, месцы нiжэй ад рукаяткi, дзе бiта найвузейшая; таварышы па камандзе, здзiўленыя, абступiлi яго i збянтэжана маўчалi; яны бачылi ў гэтым нейкi знак - што славуты Фэмелеў кiй быў паламаны; мярцвяна-бела выглядалi трэскi ў месцы палому; i ўжо хлопцы пачалi тузаць адзiн аднаго, каб займець памятку, кавалак таго дрэва альбо адарваць шматок таго лейкапластыру; Фэмель спалохана паглядзеў на гэтыя разгарачаныя, дурнаватыя твары, у гэтыя заварожаныя вочы, што блiшчалi ад хвалявання, - i ён адчуў танную гаркату славы, тут, летнiм вечарам 14 лiпеня 1935 года, у суботу, на ўскрайку прадмесця, на патаптаным лужку, куды Бен Вакс мiж тым гнаў шасцiкласнiкаў гiмназii Людвiга - каб яны пазбiралi сцяжкi, што стаялi на кожным рагу пляцоўкi. Далёка на другiм баку вулiцы, пад мурам бровара, усё яшчэ вiдны былi блакiтна-жоўтыя футболкi: "отаўцы" нiяк не маглi знайсцi мячыка; вось яны марудна пасунулiся назад, сабралiся ў цэнтры пляцоўкi, выстраiлiся ў шарэнгу, чакаючы яго, капiтана каманды, каб услед за iм крыкнуць "гiп-гiп-ура!"; Фэмель павольна наблiзiўся да абедзвюх шарэнгаў; Шрэла i Нэтлiнгер стаялi там поруч; здавалася, што нiчога не адбылося, зусiм нiчога; а малодшыя вучнi ўсё за яго спiнай яшчэ змагалiся за "сувенiры"; ён прайшоў далей, адчуваючы захапленне публiкi, нiбы фiзiчную пакуту, i тут ён тры разы крыкнуў: "Гiп-гiп-ура!" "Отаўцы" зноў, як пабiтыя сабакi, рушылi шукаць мячык; не знайсцi мячыка лiчылася за найстрашэннейшую ганьбу.


Генрих Белль читать все книги автора по порядку

Генрих Белль - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки My-Library.Info.


Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) отзывы

Отзывы читателей о книге Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке), автор: Генрих Белль. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.

Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*
Подтвердите что вы не робот:*
Все материалы на сайте размещаются его пользователями.
Администратор сайта не несёт ответственности за действия пользователей сайта..
Вы можете направить вашу жалобу на почту librarybook.ru@gmail.com или заполнить форму обратной связи.