My-library.info
Все категории

Кацярына Мядзведзева - Калі расцвітуць чорныя ружы

На электронном книжном портале my-library.info можно читать бесплатно книги онлайн без регистрации, в том числе Кацярына Мядзведзева - Калі расцвітуць чорныя ружы. Жанр: Прочее издательство неизвестно, год 2004. В онлайн доступе вы получите полную версию книги с кратким содержанием для ознакомления, сможете читать аннотацию к книге (предисловие), увидеть рецензии тех, кто произведение уже прочитал и их экспертное мнение о прочитанном.
Кроме того, в библиотеке онлайн my-library.info вы найдете много новинок, которые заслуживают вашего внимания.

Название:
Калі расцвітуць чорныя ружы
Издательство:
неизвестно
ISBN:
нет данных
Год:
-
Дата добавления:
4 октябрь 2019
Количество просмотров:
146
Читать онлайн
Кацярына Мядзведзева - Калі расцвітуць чорныя ружы

Кацярына Мядзведзева - Калі расцвітуць чорныя ружы краткое содержание

Кацярына Мядзведзева - Калі расцвітуць чорныя ружы - описание и краткое содержание, автор Кацярына Мядзведзева, читайте бесплатно онлайн на сайте электронной библиотеки My-Library.Info

Калі расцвітуць чорныя ружы читать онлайн бесплатно

Калі расцвітуць чорныя ружы - читать книгу онлайн бесплатно, автор Кацярына Мядзведзева
Назад 1 ... 3 4 5 6 7 ... 9 Вперед

Бесцырымонна адсунуўшы індычку, яны паставілі на стол два вазоны з зямлёй і пасадзіла ў кожны па семечку.

— Давядзецца чакаць раніцы? — са шкадаваннем спытала Ліза.

— Не. Заплюшчы вочы і думай, — вымавіў Густаў нязвыкла доўгую фразу і ўзяў дзяўчыну за рукі. Яны старанна зажмурыліся і чулі толькі дыханне адно аднаго, патрэскванне марозу за вокнамі ды як часам выстрэльвала іскрынка ў каміне. Але раптам цішыня амаль непрыкметна змянілася. Як быццам у пакоі з'явіўся хтосьці яшчэ і, не дыхаючы, затаіўся з лёгкай усмешкай. І пах з'явіўся, нейкі няўлоўна знаёмы, цёплы летні пах... Яны абодва адчулі гэта, не расплюшчваючы вочы.

— Цяпер можна? — нясмела спытала Ліза, са шкадаваннем забіраючы рукі з велізарных цёплых далоняў Густава.

— Угу, — уздыхнуў ён.

І дакладна, семечкі ўжо прараслі. Кветка Лізы трымала на тонкіх сцяблінках цяжкія пунсовыя гарлачыкі, да краёў напоўненыя густым сунічным водарам. Ліза не ўтрымалася, пагладзіла адзін гарлачык — і з карычневых тычынак ёй на пальцы пырснуў салодкі нектар. А ў Густава зноў не выйшла спякотна-чырвонай ружы, і ён хмурна разглядаў свае кветкі, падобныя на абгрызеныя шкілецікі рыб. Яны паціху пастуквалі костачкамі і варушылі хвосцікамі. Добра хоць, што рыбай ад іх не пахла.

— Спадзяюся, Валянцін не раззлуецца, — прагаварыла Ліза. — Позна ўжо. Час класціся спаць.

Загасіўшы свечкі на ялінцы, Густаў пайшоў засунуць засаўку на дзвярах, якія вядуць у сад, а Ліза, памарудзіўшы, замкнула ўваходныя. Наўрад ці Валянціну прыйдзе ў галаву вярнуцца сярод ночы. Ён і не папярэджваў. Дый не пакідаць жа дом адкрытым. Каляды Калядамі, а ліхіх людзей заўсёды хапае. Думаючы пра ўсё гэта, Ліза сама не заўважыла, як сутыкнулася з Густа­вам, які з чагосьці раптам стаў на яе шляху. І вядома ж, стаялі яны пад амялой. Можна нават не задзіраць галаву, і так усё ясна. Традыцыі, каб ім праваліцца.

Густаў глядзеў на Лізу і верыў, што вось-вось здарыцца цуд. А Ліза глядзела ўбок і разумела, што яшчэ трошкі, і яна расплачацца.

— Дабранач, — нарэшце сказала яна і адышла.

Густаў зразумеў, што цуду не будзе.


Зрэшты, адзін цуд усё-ткі здарыўся. Калядная ялінка пусціла карані, і, калі пацяплела, Ліза пасяліла яе ў садзе, насуперак пратэстам Валянціна.

— Адвязіце яе ў лес, — казаў ён хмурна. — Навошта нам яліна? І так кветкі саджаць няма куды!

— У лесе яна не прыжывецца, — упарта паўтарала Ліза, і, урэшце, садоўнік здаўся.

— Рабі як ведаеш, — кінуў ён раздражнёна.

Калі прыйшла вясна ды пацяплела, Ліза і Густаў пацягнулі выратаваную ялінку туды, дзе для яе была ўжо загадзя самаўпраўна выкапана ямка. Валянцін дэманстратыўна крывіўся кожны раз, калі яны ўсе разам выходзілі ў сад і натыкаліся на яркія свежанькія шыпулькі.

Але потым прараслі цюльпаны, пацягнуліся пакупнікі па першацветы, цыбуліны ды чаранкі, і садоўніку стала не да ялінкі. Так яна і расла сабе, пушылася ды зелянела, стаўшы яшчэ адной незвычайнасцю ў і без таго незвычайным садзе.


Ліў дождж. Менавіта дзякуючы дажджу крама адпачывала ад пакупнікоў у разгар продажаў — летнім нядзельным днём. Ніхто не патрабаваў тэрмінова нарэзаць сотню пунсовых руж, сплесці з іх сэрца і адправіць на «вось такі» адрас. Ніхто не прасіў рамонкаў з няцотнай колькасцю пялёсткаў, і нават букецік незабудак з жалобнай стужачкай нікому пакуль што не быў патрэбны.

Ліза стаяла з кубкам ля расчыненых дзвярэй і з задавальненнем назірала, як дождж барабаніць па забытых палівачках і матыках, як цяжэюць ад вільгаці жоўтыя пампоны вяргіняў, хіляцца да зямлі перапоўненыя келіхі лілей. Павольна размакаюць дарожкі, выпаўзаюць дажджавыя чарвякі. А ў сярэдзіне чэрвеньскага махрыстага цюльпана, перамазаўшыся ў пылку, бездапаможна гудзе чмель, і сядзець яму там, пакуль не выгляне сонца і кветка зноў не раскрые пялёсткі.

Добра, што на свеце ёсць дождж. Ён выстуквае ціхую музыку, пад якую добра разважаць і дзяліцца сакрэтамі. Ён прыходзіць з вялікай палівачкай і насычае вадой градкі, дае адпачыць садоўніку. Можна заварыць духмяную гарбату, зняць сурвэтку з горкі птыфуры і сядзець за сталом, ляніва перамаўляючыся. Змятаць далонню крошкі, няўважліва памешваць гарбату ў кубку, аддавацца марам ці захоплена спрачацца. У кожнага свае прычыны любіць дождж. Валянцін цешыцца, што кветкі напіліся вады. Густава радуе, што не прыйдуць наведвальнікі і не стомяць Лізу. А Ліза проста любіць дождж гэтак жа, як і паліваць кветкі, і размаўляць з пакупнікамі, і пячы птыфуры. Цяжка наогул прыдумаць, што яна не любіць, што можа выклікаць на яе твары злосны выраз.

— Кажуць, адзін садоўнік выгадаваў чорную ружу, — паведаміла дзяўчына. — Ён збіраецца паказаць яе ўсім на свяце горада.

— Няўжо чорную? — з'едліва перапытаў Валянцін. — Хацеў бы я ведаць, як яму гэта ўдалося, калі ў ружы няма пігментных генаў, што адказваюць за чорны колер! Шарлатан! Чорных руж не бывае ў прыродзе!

— І нельга вывесці іх? — здзівілася Ліза.

— Можна, — нядобра ўсміхнуўся Валянцін. — Але наўрад ці табе гэта спадабаецца. Карані ружы трэба асцярожна надсячы, паліць марэнгавай фарбай, туга перавязаць і прысыпаць зямлёй. Кветкі атрымліваюцца чорныя, але вельмі хутка гінуць.

— Бедныя ружы! У карак гнаць такіх селекцыянераў!

— Гэта не селекцыя, а падман! — паціснуў плячыма Валянцін. — Прыстойны чалавек ніколі не дазволіць сабе такія маніпуляцыі.

— Кажуць, на выставе справяць феерверк з пялёсткаў лотаса, — памаўчаўшы, працягнула дзяўчына. — А яшчэ там з'явіцца танцорка, апранутая толькі ў трапічныя архідэі!

— Усё гэта танныя эфекты, Ліза, — раззлаваўся садоўнік. — Халтура, разлічаная на такіх прасцячак, як ты. Я пакажу ўсім, што такое сапраўднае мастацтва. Я выгадую ўнікальныя кветкі з нашага чароўнага насення!

— Хочаш патраціць усё насенне адразу?

— Не ведаю. А якая розніца? — спытаў ён безуважліва.

Тут да дзвярэй падкаціў экіпаж, з яго выскачыла тонкая фігурка і, хаваючыся пад парасонікам, забегла ў краму. Ліза і Густаў нахмурыліся — гэта была тая самая труфельная прыгажуня. Гэтым разам кудзеркі яе выбіваліся з-пад далікатнага крэмавага капялюшыка, а сукенка коле­ру молатай карыцы ды кававыя замшавыя туфлікі яшчэ больш рабілі дзяўчыну падобнай на смачную шакаладную цукерку.

— Абрыдлы дождж, — прагаварыла яна, разглядаючы прамоклыя туфлікі.

Садоўнік ускочыў, ледзь не разбіўшы свой кубак.

— Што за прыемная нечаканасць! — выклікнуў ён. — Ліза, хутчэй звары каву! Густаў, распалі камін, не бачыш, наша госця празябла!

— Не варта турбавацца, я тут не затрымаюся, — прыгажуня ўтаропілася на кветку Гус­тава. — Божа, што за пачварства!

Хвосцікі адразу паніклі.

— Ах, гэта так, пустазелле, — пачаў апраўдвацца садоўнік. — Мілая, ты спяшаешся?

— Мяне чакаюць, — яна павярнулася да вітрыны і паслала паветраны пацалунак камусьці, хто хаваўся ад дажджу ў экіпажы. — Калі ласка, пяць пунсовых руж і шостую для бутаньеркі.

Садоўнік стаў, як прыкуты.

— Што глядзіш? Думаў, я збіраюся ўсё жыццё з табой сустракацца? Мару стаць садоўніцай? Мець пад пазногцямі зямлю не так ужо і прывабна, дружа.

— Але як жа? Я спадзяваўся, што мы пажэнімся, — прагаварыў Валянцін.

— Калі расцвітуць чорныя ружы, — кпліва адказала яна. — Ну, прынясе мне хто-небудзь кветкі ці не?

— Я сам, — і садоўнік выйшаў у дождж, не ўзяўшы ні плашча, ні парасона.

Калі экіпаж ад'ехаў, усе доўга маўчалі. Густаў уткнуўся ў акно, садоўнік у другое, а Ліза нібы знарок грукатала посудам, збіраючы на паднос пустыя кубкі і сподкі.

— Якую кветку ты хочаш выгадаваць для выставы? — спытала яна.

— Чорную ружу, — адказаў Валянцін змрочна.

Да выставы заставалася два тыдні.


Лёгка сказаць — чорная ружа. На практыцы задачка апынулася невырашальнай. Чароўнае насенне ўлоўлівала настрой, найтанчэйшыя адценні патаемных пачуццяў і эмоцый, а вось форму калякветніка, афарбоўку пялёсткаў ды іншыя нюансы выбірала, не раячыся з садоўнікам. Якую толькі чарнату не ўяўляў сабе Валянцін — густы алеісты дзёгаць, аксамітавую кратовую скурку, цёмныя як ноч вуглі, — уся яна рассейвалася і знікала, варта было нованароджаным кветкам адкрыць свае пялёсткі. Гэтыя мудрагелістыя стварэнні нават аддалена не былі падобныя на ружы. Яны трапяталі на ветры белымі пярынкамі, нібы спрабавалі паляцець у неба, рассыпалі залаціста-руды пылок з пузатых напарсткаў, паблісквалі люстраным лісцем, адбіваючы сонечнае святло і незадаволеную грымасу садоўніка. Велічэзныя і маленечкія, зорчатыя і сподкападобныя, салатавыя і ліловыя.

А яму патрэбна была чорная. Чорная ружа.

Раззлаваны няўдачай, неяк з раніцы Валянцін вышпурнуў усе няўдалыя кветкі праз акно. На шум выбегла Ліза. Гліняныя чарапкі, рассыпаная зямля — перад крамай стала на рэдкасць няўтульна.

— Ты што нарабіў!? — абурана ўсклікнула дзяўчына. Не адказаўшы ёй анічога, садоўнік з грукатам зачыніў акно.

Назад 1 ... 3 4 5 6 7 ... 9 Вперед

Кацярына Мядзведзева читать все книги автора по порядку

Кацярына Мядзведзева - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки My-Library.Info.


Калі расцвітуць чорныя ружы отзывы

Отзывы читателей о книге Калі расцвітуць чорныя ружы, автор: Кацярына Мядзведзева. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.

Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*
Подтвердите что вы не робот:*
Все материалы на сайте размещаются его пользователями.
Администратор сайта не несёт ответственности за действия пользователей сайта..
Вы можете направить вашу жалобу на почту librarybook.ru@gmail.com или заполнить форму обратной связи.