My-library.info
Все категории

Кацярына Мядзведзева - Калі расцвітуць чорныя ружы

На электронном книжном портале my-library.info можно читать бесплатно книги онлайн без регистрации, в том числе Кацярына Мядзведзева - Калі расцвітуць чорныя ружы. Жанр: Прочее издательство неизвестно, год 2004. В онлайн доступе вы получите полную версию книги с кратким содержанием для ознакомления, сможете читать аннотацию к книге (предисловие), увидеть рецензии тех, кто произведение уже прочитал и их экспертное мнение о прочитанном.
Кроме того, в библиотеке онлайн my-library.info вы найдете много новинок, которые заслуживают вашего внимания.

Название:
Калі расцвітуць чорныя ружы
Издательство:
неизвестно
ISBN:
нет данных
Год:
-
Дата добавления:
4 октябрь 2019
Количество просмотров:
146
Читать онлайн
Кацярына Мядзведзева - Калі расцвітуць чорныя ружы

Кацярына Мядзведзева - Калі расцвітуць чорныя ружы краткое содержание

Кацярына Мядзведзева - Калі расцвітуць чорныя ружы - описание и краткое содержание, автор Кацярына Мядзведзева, читайте бесплатно онлайн на сайте электронной библиотеки My-Library.Info

Калі расцвітуць чорныя ружы читать онлайн бесплатно

Калі расцвітуць чорныя ружы - читать книгу онлайн бесплатно, автор Кацярына Мядзведзева

— Ты што нарабіў!? — абурана ўсклікнула дзяўчына. Не адказаўшы ёй анічога, садоўнік з грукатам зачыніў акно.

Пакруціўшы галавой, Ліза сабрала пацярпелых у фартух, а потым паставіла ў ваду. Непапраўнага, на шчасце, не адбылося, і жывучыя чароўныя стварэнні ўсе да аднаго адпусцілі новыя карэньчыкі. Праз пару дзён Ліза знайшла ім месцейка ў зацішным кутку саду, дзе кусціліся гіпсафіла ды спаржа — непрыкметныя галінкі для афармлення букетаў. Валянцін рэдка залазіў туды і ў лепшыя часы, а цяпер ён і слана б на градках не заўважыў, не тое, што пару новых кветачак.

Раздражнёны і пахмурны, садоўнік блукаў сярод кветнікаў, распуджваючы пакупнікоў і не гледзячы па баках. Насустрач паўзлі смаўжы, пакідаючы за сабой серабрыстыя дарожкі. Сыпалася з каробачак нікому не патрэбнае насенне дыцэнтры. Жоўкла лісце касача, яшчэ трохі — і надыдзе час выкопваць цыбуліны. Стракацелі абгорткі ад цукерак у кампоставай яме. Але ўсё гэта цяпер не хвалявала Валянціна. Ён глядзеў на пасадкі абыякавымі вачыма, сэрца яго сціскалася ад болю, і ён з горыччу думаў: «Навошта мне гэтыя кветкі, калі я не магу стварыць чорную ружу?»


За дзень да выставы Ліза схадзіла на рынак і, як водзіцца, прынесла разам з пакупкамі кучу плётак. Калі куранты на вежы праб'юць поўдзень, па гарадскім канале паплыве ладдзя, поўная белых лілей, а кіраваць ёю будзе анёл. У неба паднімецца паветраны шар, увіты гірляндамі стакротак. А яшчэ кажуць, хтосьці вывеў унікальны блакітны цюльпан — і менавіта яму ўручаць сёлета медаль. Густаў хмыкаў, ківаў галавой, дзівіўся. А садоўнік маўчаў, сціскаючы ў руцэ пакуначак ад чароўнага насення. Не дакрануўшыся да вячэры, ён вярнуўся ў кабінет і вытрас на далонь апошняе семечка.

Цэлую ноч Валянцін кідаўся ў смутных непрыемных снах і прачнуўся зусім змучаны. «Калі чорная ружа зноў не атрымалася, мне застанецца толькі вышпурнуць вазон з акна і следам выкінуцца самому», — безнадзейна думаў ён, падыходзячы да падаконніка. Убачанае не ўсцешыла: моцная сцяблінка, маленькі бутон, глянцавыя, яшчэ клейкія лісцікі і — ніякага падабенства да сямейства ружакветных. Зрэшты, парастак яшчэ не зусім аформіўся, быў нейкі няўпэўнены: як быццам марудзіў, выбіраў, прыслухоўваўся да навакольнага свету ў чаканні падказкі.

Што заставалася рабіць? Толькі чакаць. Валянцін стаяў над парасткам, пазіраў на гадзіннік, выстукваў пальцамі напаўзабыты танцавальны матыў. Ах, як па-заліхвацку ён вытанцоўваў калісьці, а яго каханая смяялася і пляскала ў далоні! Ён сам не чакаў ад сябе такога спрыту. Утрэскаўся па вушы, як хлапчук, са скуры вылузваўся, каб дагадзіць, пацешыць, утрымаць. Ружы дарыў ахапкамі, штораніцы пасылаў кошык самых свежых, пакрытых расою, з залацістай карткай... На Каляды, на вячэры ў яе бацькоў, ён зрабіў прапанову — як і належыць, стаў на калена і пацалаваў руку. Яна толькі ўсміхалася, а тата яе прабурчаў у вусы: «Такія справы абмазгаваць трэба» — і выразнага адказу Валянцін так і не атрымаў, пакуль не пачуў здзеклівае «калі расцвітуць чорныя ружы». А можа, ён дарма хвалюецца, і гэта такое выпрабаванне на трываласць пачуццяў? Ці ўсё яшчэ больш банальна: любіла, любіла — ды і разлюбіла? Выкінула, як непатрэбную кветку? Ён паморшчыўся ад гэтых калючых, тужлівых думак, абхапіў сябе рукамі, нібы ў дрыжыках, як раптам убачыў, што ў расліны патанчэла сцябло, прарэзаліся шыпы, а пялёсткі сціснуліся, выцягнуліся і пачалі налівацца чарноццем, як быццам хтосьці праліў на іх бутэлечку чарніла.

Тут, як заўсёды, без стуку, у пакой шумна ўваліўся Густаў.

— Там у садзе. — пачаў ён.

— Колькі разоў я прасіў цябе стукацца? — нечакана для самога сябе зласліва крыкнуў садоўнік. — Я заняты, я праводжу важны эксперымент! Ідзі прэч!

Густаў няўцямна глядзеў на яго. Потым паціснуў плячыма і сышоў, па звычцы ссунуўшы хмур­на бровы. «Яшчэ і пакрыўдзіўся. Знайшоў час, доўбня», — злосна падумаў Валянцін. І замер, усцешаны: пялёсткі ў нованароджанай ружы пацямнелі яшчэ мацней, нібы цень напоўз на бутон.

— Давай, давай, — падбадзёрыў яе шэптам Валянцін. — Мы ім усім пакажам! Яны ў нас яшчэ паплачуць! Чарней, мілая мая, чарней!

І кветка старанна чарнела. Яна ўбірала ў сябе ўсё: ваду, гармоны росту, злыя словы і рэдкія праменьчыкі сонца. Яна вагалася. Такія розныя і зменлівыя настроі ў людзей у гэтым доме. Густаў адкрыта сердаваў, і ружа паслухмяна прыняла яго густую, глейкую, як патака, злосць. Садоўнік цешыў і песціў у сабе клубок раўнівых сумневаў і крыўдаў, і ружа размотвала нітачка за нітачкай горкія, атрутныя, цяжкія думкі.

Нясмела пастукаўшы, у пакой нечакана зазірнула Ліза. Думкі дзяўчыны, светлыя і пералівістыя, як вада бестурботнага лугавога раўчука, здзівілі і ўзрадавалі кветку. Аказваецца, можна быць і такім — цёплым, любячым, спакойным? Ружа прымярала на сябе новыя эмоцыі, і яны вельмі ёй падабаліся.

— Паслухай... Я хацела пагаварыць з табой пра выставу...

— Не замінай мне! Зачыні дзверы! — ускіпеў садоўнік. Ён неадрыўна глядзеў на ружу і бачыў, што яе пялёсткі раптам пачалі бялець.

— Не прымай так блізка да сэрца...

— Пакінь мяне ў спакоі, крываножка! — са злосцю крыкнуў ён. Ліза скаланулася, як ад аплявухі, вочы яе сталі вялікімі і вільготнымі. Кветка ў вазоне здзівілася зноў. Як хутка мяняюцца эмоцыі людзей! Ад сонечнага лугу не засталося і следу, думкі дзяўчыны сталі раптам халоднымі ды зябкімі, як зімовы вечар, калі прагарэла апошняе палена ў печы і скрозь незаканапачаныя сцены пачала прабірацца ў дом ледзяная цемра.

Ліза паспешна схавалася за дзвярыма. Садоўнік з прыкрасцю стукнуў кулаком па стале. Абярнуўся і... убачыў, што ружа расцвіла.


Свежапаголены, з ручніком на шыі, садоўнік шпарка прычэсваўся перад люстэркам. Трэба спяшацца, конкурс кветкаводаў вось-вось пачнецца. Валянцін не сумняваўся, што пераможа. Дзіва што! Усе раты разявяць ад здзіўлення, калі ўбачаць чорную ружу. «Гэта немагчыма!» — выклікнуць яны. І калі Валянцін будзе стаяць з медалём на шыі, у натоўпе мільгане знаёмы твар, і тады ён голасна абвесціць: «Я стварыў гэты цуд для маёй нявесты, для самай прыгожай дзяўчыны горада!» — і што ёй застанецца, як не падняцца на сцэну? Ён люта ўсміхаўся, прадчуваючы трыумф. Яна не асмеліцца прылюдна адмовіцца ад дадзенага слова.

Ён прыслухаўся. Як ціха ў краме! Ніводнага пакупніка за дзень — і не дзіва: цяпер на плошчы сапраўдны кветкавы кірмаш, букецікі і бутаньеркі на любы густ. Шаноўная публіка, усё самае прыгожае — і толькі для вас! Ліза збіралася з самага ранку сысці туды з латком фіялак, як заўсёды, — але не, засталася дома, імкнулася не трапляцца на вочы, паціху прыбіралася ў кухні. За сняданкам дзяўчына была вельмі заплаканая, і погляд Густава быў больш хмурным, чым звычайна, усе маўчалі, і садоўнік падумаў нават: а раптам яны сыдуць, кінуць краму? І тут жа груба перабіў сам сябе: ды хай сыходзяць! Што я, прыбіральшчыцу не адшукаю, работніка новага наняць не здолею? Гэта настолькі няважна, гэта не варта ўвагі, асабліва цяпер.

Вядома, Валянцін нерваваўся. Тысяча акалічнасцей магла перашкодзіць яго дзёрзкаму пла­ну. Раптам яго каханая возьме ды не прыйдзе на свята горада? Захварэе, з'едзе да цётачкі на імяніны, закапрызіць з прычыны падранай панчохі. Ці палье дождж і размочыць усю святоч­ную мішуру. Альбо праз малую колькасць удзельнікаў адменяць спаборніцтвы кветкаводаў, і тады не падняцца Валянціну на сцэну ды не прамовіць слова пераможцы. Хоць вось гэтага не варта баяцца. Не было яшчэ такога выпадку, каб не знайшлося ахвотнікаў пазмагацца за перамогу. Усякі, хто высадзіў каля дома пару чаранкоў, хто па суботах матыкай у гародзе калупаўся, уяўляў сябе адмысловым селекцыянерам. У аднаго цюльпаны захварэюць, з'явіцца на кветках светлая штрыхоўка, — а ён мітусіцца, шампанскае адкаркоўвае: маўляў, стварыў новы сорт! У іншага на гладыёлусах бялян-капуснік пагаспадарыць, бутоны пагрызе, — а ён ганарліва заяўляе, што вывеў унікальныя дзіркаватыя кветкі! Цьфу, няўдачнікі. Хіба можа хтосьці з гэтых няшчасных сапернічаць з ім, Валянцінам?

Ён зрабіў самы ганарлівы выраз твару, які ўмеў. Вось так ён устане, адкіне валасы з твару і пранікліва вымавіць. Але ён не паспеў прыдумаць і першых слоў, таму што ў гэты момант бразнуў званочак, і ў краму ўвайшла яна, яго няверная прыгажуня. Як заўсёды, яна была сама дасканаласць, у пышнай абрыкосавай сукенцы і лакавых тупаносых туфліках, завітая і прыпудраная, як парцалянавая лялька з дарагой крамы цацак. І Валянцін адразу ўспомніў, што стаіць перад ёй паўапрануты, без сурдута, у недарэчных падцяжках, з ідыёцкай ухмылкай на вуснах.

— І што ж гэта за новыя акалічнасці? — спытала дзяўчына. — Май на ўвазе, я прыйшла выключна з цікаўнасці, а не паддаўшыся ўгаворам твайго бязглуздага ліста.

— Але я не пісаў табе лістоў, — разгублена прагаварыў Валянцін.

— А гэта, па-твойму, што? — яна працягнула яму канверцік. Валянцін бегла прагледзеў радкі, напісаныя незнаёмым круглявым почыркам. Жаночая рука, жаночая. Садоўнік незадаволена азірнуўся ў бок кухні. Хто прасіў умешвацца? Дабрадзейка знайшлася... Ён справіўся б і сам, ён пракруціў бы бліскучую мнагахадоўку, сыграў бы на фанабэрыі, заваяваў бы трыумфам — і вось, цяпер усё зламана, замест трыумфу — нясвежая кашуля і адсутнасць козыроў у ру­ках. Хоць, можа, так яно і лепш? А раптам яму ўсё-ткі адмовілі б, прылюдна? «Я не твая нявеста, няўдачнік!» — і натоўп вылуплівае вочы, узіраецца з прагнай цікавасцю, жалем, пагардай, насмешкай. Так, мабыць, гэта да лепшага. Не варта такія гутаркі на публіцы весці.


Кацярына Мядзведзева читать все книги автора по порядку

Кацярына Мядзведзева - все книги автора в одном месте читать по порядку полные версии на сайте онлайн библиотеки My-Library.Info.


Калі расцвітуць чорныя ружы отзывы

Отзывы читателей о книге Калі расцвітуць чорныя ружы, автор: Кацярына Мядзведзева. Читайте комментарии и мнения людей о произведении.

Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*
Подтвердите что вы не робот:*
Все материалы на сайте размещаются его пользователями.
Администратор сайта не несёт ответственности за действия пользователей сайта..
Вы можете направить вашу жалобу на почту librarybook.ru@gmail.com или заполнить форму обратной связи.